на́ват, часціца.

1. Ужываецца для ўзмацнення сэнсавай выразнасці слоў і словазлучэнняў (ставіцца перад словамі, да якіх адносіцца). Паветра было такое чыстае, што не мігацелі нават далёкія агні. Карпаў. Шчыра кажучы, новая будыніна падабалася хлопцам нават больш, чым хата. С. Александровіч.

2. у знач. далучальнага злучніка. Далучае члены сказа і сказы, якія выступаюць у якасці паказчыка самай высокай ступені чаго‑н. Хата-чытальня была перапоўнена. Людзі стаялі ў калідоры, нават на вуліцы каля адчыненых [акон]. Паслядовіч. Раптам сцішылася прырода, замерла. Нават вяз не варухнецца на беразе, нават паветра застыла. Ваданосаў.

•••

І не думай (нават) гл. думаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)