штоме́сяц, прысл.
Кожны месяц. Жывы і здаровы Андрэй Барысавіч Чужакоў пісаў, што разумее, як цяжка маці матэрыяльна, і згодзен штомесяц высылаць ёй грошы. Мехаў.
штоме́сячнік, ‑а, м.
Перыядычнае выданне, якое выходзіць раз у месяц; штомесячны часопіс. Штомесячнік «Дзіцячая літаратура».
штоме́сячны, ‑ая, ‑ае.
Які бывае, адбываецца, праводзіцца і пад. кожны месяц. Штомесячная аплата працы. □ Падтрымаць рэпутацыю Булая цяпер магло штомесячнае перавыкананне вытворчага плана. Шыцік. // Які выходзіць, выдаецца раз у месяц. Штомесячны часопіс.
што́нікі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Памянш. да штаны; кароткія дзіцячыя штаны. Хлопчыку было так добра, так радасна, што ён забыўся і на разадраную калашыну сваіх новых штонікаў, і на паранены палец. Юрэвіч. Юрка бег за Людай па сцежцы, смешна падкідаючы голымі каленцамі шырокія калашыны кароткіх штонікаў. Брыль.
штоно́ч, прысл.
Кожную ноч, кожнай ноччу. Мы змаглі добра замаскіраваць аэрадром, з якога штоноч падымаліся самалёты. Жычка. Барвовы, з-пад шалома хмар, ля самых нашых вокан штоноч на поўдні, помню, Марс гарэў тыгрыным вокам. Вялюгін. // З кожнай ноччу, ноч ад ночы. Пражэктары, Як біўні агнявыя, Штоноч зіялі бліжай і святлей. Аўрамчык. Толькі галасы, нібы не тыя, — Пацішэлі і штоноч цішэюць. Ці для іх, вяскоўцаў, стаў чужы я? Чэрня.
штоно́чы, прысл.
Тое, што і штоноч. Пахана, замест таго, каб спаць у хаце, сядзела штоночы ў млыне на мяшках. Чорны.
што́пар, ‑а, м.
1. Тонкі завостраны з аднаго канца шрубападобны металічны стрыжань з ручкай, які служыць для адкаркоўвання бутэлек. У траве пад акном .. [дзед] знайшоў складаны ножык на два лязы са штопарам і шылам. Курто.
2. У авіяцыі — адна з фігур вышэйшага пілатажу, сутнасць якой у зніжэнні самалёта па крутой спіралі. // Імклівае падзенне самалёта з вярчэннем яго вакол сваёй восі ў выніку няспраўнасці сістэмы кіравання. Вораг адсек хваставую апору.. Самалёт Аляксея ўвайшоў у штопар. «Звязда». // у знач. прысл. што́парам. Па спіралі (уніз), шрубападобна. Не паспеў .. [цецеравятнік] адляцець і дзесяці метраў, як пачуўся другі стрэл, пасля якога ястраб здрыгануўся, потым перакруціўся і штопарам пайшоў уніз. Ляўданскі.
[Ням. Stopper.]
што́парны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да штопара, з’яўляецца штопарам. Штопарнае падзенне самалёта.
што́парыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Спускацца, падаць штопарам (у 2 знач.). Самалёт з енкам штопарыць да зямлі... Місько.
што́ра, ‑ы, ж.
Заслона на акно (радзей на дзверы), якую можна падымаць, апускаць або рассоўваць у бакі. Апусціць шторы. Рассунуць шторы. □ Адкінуўшы шчыльную жоўтую штору, маёр зірнуў у акно. Навуменка. [Пакой] злёгку зацяняўся прыапушчанымі шторамі. Ракітны. Ротмістр замкнуў стол і цвёрдаю, хуткаю хадою выйшаў з кабінета ў другія дзверы, завешаныя штораю. Колас.
[Фр. store.]