Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

штам, ‑а, м.

У мікрабіялогіі — чыстая культура мікраарганізмаў, вылучаная з якой-небудзь пэўнай крыніцы (хворай жывёлы або чалавека), якая прымяняецца для прыгатавання вакцыны і сывараткі.

[Ням. Stamm.]

штамб, ‑а, м.

Спец. Частка ствала дрэва ад кораня да кроны.

[Ад ням. Stamm — ствол.]

шта́мбавы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае прамы доўгі ствол, сцябло без бакавых адгалінаванняў. Штамбавая ружа. Штамбавы агрэст.

штамп, ‑а, м.

1. Спецыяльная форма для серыйнай вытворчасці розных прадметаў шляхам штампоўкі.

2. Від пячаці, звычайна прамавугольнай формы з назвай або адрасам якой‑н. установы, арганізацыі, прадпрыемства і пад. Бібліятэчны штамп. □ Я здзіўлены: Канверт штэмпеляваны, Але не штампам пошты гарадской. Прануза. // Адбітак, атрыманы ад такой пячаці. На канверце быў ваенкамацкі штамп. Кулакоўскі. Вось.. [капітану] Максім Вішнёў і паказаў сіні канверт з трыкутныж штампам вайсковай часці. Грамовіч.

3. перан. Агульнаўжывальны, збіты ўзор; шаблон. Мову бясколерную, розныя канцылярскія звароты і штампы прынеслі ў мастацкую літаратуру людзі абыякавыя і сумныя. Шкраба. Маладыя, не кранутыя штампам, натхнёныя акцёры пакарылі сэрцы гледачоў. «Полымя».

[Ням. Stampe ад іт. stampa — пячаць.]

штампава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаецца, служыць для штампавання, штампоўкі. Штампавальны станок.

штампава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. штампаваць.

штампава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад штампаваць.

2. у знач. прым. Выраблены з дапамогай штампа (у 1 знач.). Штампаваная дэталь. Штампаваны крышталь. Штампаваны карданаж.

3. перан.; у знач. прым. Які ствараецца або дзейнічае па агульнаўжывальнаму, збітаму ўзору, штампу. Штампаваныя выразы. □ [Шэмет:] — Гэта не штампаваны арганізатар, гэта самародак. Такіх арганізатараў трэба цаніць на [вагу] золата! Лобан.

штампава́цца, ‑пуецца; незак.

Зал. да штампаваць.

штампава́ць, ‑пую, ‑пуеш, ‑пуе; незак., што.

1. Вырабляць што‑н. пры дапамозе штампа (у 1 знач.). Дэталі можна не толькі выточваць, а і штампаваць. Шахавец.

2. Ставіць штамп (у 2 знач.) на што‑н. Штампаваць паперу.

3. перан. Рабіць што‑н. без душы, фармальна, па старых гатовых узорах. Усю зіму раённы апарат Старанна штампаваў калгасам дырэктывы. Корбан.

штампо́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да штампоўкі (у 1 знач.). Штамповачная вытворчасць. Штамповачны цэх. // Які прызначаецца, служыць для штампоўкі. Штамповачны молат.