Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шле́йка, ‑і, ДМ шлейцы; Р мн. шлеек; ж.

1. Стужка ці палоска тканіны, перакінутая цераз плячо, якая падтрымлівае спадніцу, сарочку, ліфчык і пад.

2. толькі мн. (шле́йкі, шлеек). Падцяжкі. Штаны на шлейках.

шлейф, ‑а, м.

1. Доўгі падол жаночай сукенкі, які цягнецца ззаду. Яна [Міхаліна], напрыклад, запрасіла Мсціслава на заручыны: — Будзеце трымаць корд жаніха, — ласкава схіліла галаву. — Або мой шлейф. Караткевіч. Я ведаў, што Таня любіць апранаць на сябе што-небудзь незвычайнае, каб валаклося ўслед, як шлейф, па падлозе. Сачанка. // перан. След, паласа ў паветры, на вадзе і пад. ад руху чаго‑н. Дарога злёгку пыліла, за машынай слаўся рэдзенькі белаваты шлейф, які адносіла на зялёныя палеткі. Асіпенка. З-за павароту вынырнуў цеплаход на падводных крылах. Ён, шустра завярнуўшы, адкінуў на бераг пеністы шлейф. Гаўрылкін.

2. Тое, што і валакуша (у 2 знач.). Выраўноўванне глебы шлейфам.

3. У геалогіі — паласа адкладанняў, якая ахінае ніжнюю частку якога‑н. узгорка, узвышша.

[Ням. Schleife.]

шлем, ‑а, м.

1. Старажытны металічны галаўны ўбор воінаў, які ахоўваў галаву ад пашкоджанняў і ўдараў халоднай зброяй. Мячы, сякеры, дубіны воінаў народнай арміі білі па металічных латах і шлемах рыцараў. «Маладосць». Усе [польскія паны] — у капелюшах, у большасці — капелюшы з пушыстымі пер’ямі, як шышакі над шлемамі ў колішніх рыцараў. Пестрак.

2. Галаўны ўбор спецыяльнага пакрою ў воінаў і спартсменаў, які закрывае галаву і шыю. Я глянуў у бок дзвярэй: з двара ў палату віхрам уляцеў высокі шыракаплечы баец у скураным шлеме. Якімовіч. На сваіх санях Елім сядзеў у шынялі і ў вайсковым шлеме з пікаю наверсе. Кулакоўскі.

3. Спецыяльны галаўны ўбор, які ахоўвае галаву ад раненняў, удараў, ціску і пад. Два танкісты ў камбінезонах, без шлемаў, .. грэліся на красавіцкім негарачым сонцы. Мележ. [Англічанін] быў маленькі, галавасты, у коркавым шлеме і кароткіх скураных штоніках. Б. Стральцоў. // Спецыяльнае прыстасаванне, якое аддзяляе чалавека ад навакольнага асяроддзя, забяспечвае наступленне неабходнага для дыхання паветра. Блажэвіч расшпіліў скафандр, адкінуў шлем. Шыцік.

шлемападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму шлема (у 1 знач.).

шлемафо́н, ‑а, м.

Шлем лётчыкаў і танкістаў з уманціраваным у яго перагаворным апаратам, а таксама перагаворны апарат. І вось з-за дыму, са шлемафонам у руках, з’яўляецца чалавек. Шашкоў. У шлемафоне пачуўся бадзёры голас капітана: — Трымайся, мой хлопчык! Шамякін.

шлемафо́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шлемафона; які ажыццяўляецца пры дапамозе шлемафонаў. Шлемафонны шнур. Шлемафонная сувязь.

шле́мнік, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая або паўкустовая расліна сямейства губакветных, выкарыстоўваецца ў медыцыне.

шлёгаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што, па чым і чым.

Абл. Гучна біць, сцёбаць чым‑н. тонкім, гнуткім. Лёнька сядзеў у курані і галінкаю клёна шлёгаў сябе па шыі — адганяў камароў. Капыловіч. Я падхопліваўся на калені, ледзь даставаў грудзьмі застаўку перадка і, тузаючы лейцамі, шлёгаў пугай калматага коніка. Ракітны.

шлёгнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да шлёгаць.

шлёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Авечка шлёнскай пароды.

2. Футра гэтай авечкі.