чужазе́мшчына, ‑ы, ж.
Зневаж. Усё чужаземнае (культура, звычаі, мода і пад.). Захапляцца чужаземшчынай.
чужа́к, ‑а, м.
Разм.
1. Тое, што і чужынец. І на душы лёгка: нездарма ён, капітан, арыштаваў прышэльцаў-чужакоў, нездарма ішоў на рызыку, падпаўзаючы да дарогі. Ваданосаў. Станіслаў не разумеў, навошта гэта яму, вярнуўшыся на сваю радзіму, быць як бы чужаком у ёй. Сабаленка.
2. Не родны чалавек, не сваяк. Жонку Макар болей не чапаў. Жыў чужаком у сваёй хаце. Асіпенка. [Іван:] — А можа антыпатыя да .. [дырэктара] ў цябе [Надзя] ад рэўнасці, што ён, чужак, робіцца дарагі тваёй дачцэ? Шамякін.
чужані́ца, ‑ы, м. і ж.
1. Чужы, нетутэйшы чалавек. [Арцём:] — Я — нетутэйшы. Я, можна сказаць, чужаніца гэтаму сялу. Бажко. // Іншаземны захопнік, вораг. Чужаніцы з далёкай ішлі стараны То крыжовым паходам, то лютай вайною. Грахоўскі. Але не, не тая гэта Хата з смольнай сталяніцай, Тую хату грозным летам Падпалілі чужаніцы. Кірэенка.
2. Не родны, не сваяк. [Цыпруян:] — Ты мне чужая-чужаніца, а лепш за родную дачку. Калюга. Так і жыў Мацей чужаніцай у хаце: ні госць, ні гаспадар. Пальчэўскі.
3. Чалавек, які па духу, поглядах і пад. чужы якому‑н. асяроддзю. Ён [Цімох] быў у калгасе гультай, Калгасу заўжды чужаніца. Колас.
чужаро́дны, ‑ая, ‑ае.
Чужы, пабочны; неўласцівы, нехарактэрны. Эпігонскі класіцызм ва ўмовах Беларусі .. успрымаўся як з’ява чужародная. Навуменка.
чу́жасць, ‑і, ж.
Уласцівасць чужога (у 3 знач.); адчужанасць. Аміля прагла мець месца ў душах двух сваіх сыноў, Ксавэр стараўся паміж Адамам і ёю ўстанавіць чужасць. Чорны. Тацяна раптам замкнулася ў жорсткай чужасці. Зарэцкі.
чужаўла́ддзе, ‑я, н.
Уст. Улада, засілле іншаземнага, чужога.
чужа́цкасць, ‑і, ж.
Уласцівасць чужацкага. Васіль адолеў сябе, сваю чужацкасць, кінуў спадылба раўнівы позірк: — А ты як? Мележ.
чужа́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які належыць чужаку, прышэльцу. Мы ішлі пехатою к табе, Перамога, Аб чужацкія косці ламалі штыкі. Бураўкін. Цябе выгнала з хаты Ведзьма-мачыха вон; Мяне ўзялі ў салдаты, У чужацкі палон. Купала.
2. Які складаецца з чужакоў. І не будзе жалю Для чужацкіх зграй, Што крывавай хваляй Заліваюць край. Колас.
3. Які па думках, светапогляду, духу належыць да іншага, чужога асяроддзя. Мой час настаў: Якуб Шаціла ўліп! І дакажу я свету і Ірыне, Што ён не наш, Што ён чужацкі тып, Што ён аграбіў друга ў дамавіне! Зарыцкі.
4. Тое, што і чужы (у 4 знач.). Без радзімы, Пад небам чужацкім За гадамі ляцелі гады. Кляшторны.
чужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Пазбягаць, цурацца каго‑н. Нейкі час .. [муж і жонка Раманюкі] жылі, як два чужыя чалавекі, выпадкова з’яднаныя гешэфтам: называлі адзін аднаго на «вы», чужаліся. Карпюк. Да .. [Пшанічнага] раптам перамяніліся ўсе дружбакі, пачалі чужацца хлопца. Быкаў. // Адмаўляцца ад чаго‑н., пазбягаць чаго‑н. (якіх‑н. дзеянняў, спраў, сфер жыцця і пад.). Крытык не чужаецца гісторыі, але кожны раз, калі звяртаецца да яе, спрабуе асвятляць з пазіцый сённяшняга дня. Юрэвіч.