хлебаро́дны, ‑ая, ‑ае.
Які дае вялікі ўраджай хлеба; урадлівы. Хлебародны год. □ Сягоння мы гутарыць будзем З табою [Новым годам] да ранняй зары. Аб тым, што прынёс ты краіне, Пасёлкам яе, гарадам, Палям, хлебародным далінам, Рыбацкім густым невадам. Танк.
хлебарэ́з, ‑а, м.
Рабочы, заняты рэзкай хлеба.
хлебарэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
1. Прыстасаванне для рэзкі хлеба. Электрычная хлебарэзка.
2. Разм. Жан. да хлебарэз.
хлебарэ́зны, ‑ая, ‑ае.
Які служыць для рэзкі хлеба. Хлебарэзны нож. Хлебарэзны, стол.
хлебасо́л, ‑а, м.
Гасцінны чалавек. Падаўняму Іван — хлебасол вялікі, любіў прыняць людзей з форсам, з размахам, каб пілі, елі, гулялі, колькі душа пажадае. Навуменка.
хлебасо́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Жан. да хлебасол.
хлебасо́льны, ‑ая, ‑ае.
Які ветліва, гасцінна сустракае і частуе. Хлебасольная сям’я. □ Каб на гэтай зямлі, Дзе жыве Працавіты народ хлебасольны, Што гасціннасцю ўсюды слыве, Не было хлеба з соллю ўволю? Аўрамчык.
хлебасо́льства, ‑а, н.
Гатоўнасць і ўменне гасцінна сустрэць і пачаставаць. Хлебам-соллю госця сустракаем, Пі ды еш і будзь у нас, як дома — Хлебасольства наша ўсім вядома. Пысін.
хле́бніца, ‑ы, ж.
1. Дзяжа, у якой рашчыняюць хлеб. Хлебніца была пакрыта надзежнікам.
2. Талерка ці карзінка для хлеба. Афіцыянтка на дзіва хутка прынесла заказ: хлеб, памідоры, салат і графінчык з залацістым напіткам. І нібы між іншым на хлебніцы побач з хлебам ляжаў рахунак. Дамашэвіч. // Невялікая скрынка для захавання хлеба.
хле́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да хлеба (у 1, 2 знач.). Хлебныя запасы. Хлебная ніва. □ Саша набраў хлебных крошак, ссыпаў іх на ліст фанеры і папрасіў маці: — Хачу на балкон, пакарміць верабейчыкаў. Даніленка. // Уласцівы хлебу; такі, як у хлеба. Хлебны смак. □ Жнівень прыйшоў і сюды — на пшанічныя ўзгоркі і ў даліны з багатым ільном, — калгасны жнівень з вострым хлебным пахам і з песенным сакатаннем жняярак, гулам камбайнаў і гружаных аўтамашын. Брыль. // Прыгатаваны з хлеба. Хлебны квас. / у знач. наз. хле́бная, ‑ай, ж. — Вось гэта рэч! — казаў дзядзька, наліваючы самагонкі ў кілішкі. — Свайго вырабу, хлебная. Корбан. // Прызначаны для хлеба, яго прыгатавання, выпечкі. Хлебныя дрожджы. Хлебная лапата. □ Пачэсны кут займае ў светлых хатах Заквашаная хлебная дзяжа. А. Александровіч.
2. Звязаны з захаваннем, продажам хлеба (у 1, 2 знач.). Хлебны магазін. Хлебная манаполія. □ [Маці:] — А калі выручыш [Дзімка] грошы, купіш якую кулідку хлеба, — на тым тыдні хлебныя карткі ж адмянілі. Капыловіч.
3. Багаты хлебам, ураджайны. Хлебны год. Хлебны край. □ Час быў не надта хлебны, гэта Святлана помніць добра. Лось.
4. перан. Разм. Выгодны, даходны. Хлебная пасада. □ Лапці, світкі зрэбныя — З нашых сёл якраз, На заробкі хлебныя Ездзілі ў Данбас... Куляшоў.