хлебны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да хлеба (у 1, 2 знач.). Хлебныя запасы. Хлебная ніва. ▪ Саша набраў хлебных крошак, ссыпаў іх на ліст фанеры і папрасіў маці: — Хачу на балкон, пакарміць верабейчыкаў. Даніленка. // Уласцівы хлебу; такі, як у хлеба. Хлебны смак. ▪ Жнівень прыйшоў і сюды — на пшанічныя ўзгоркі і ў даліны з багатым ільном, — калгасны жнівень з вострым хлебным пахам і з песенным сакатаннем жняярак, гулам камбайнаў і гружаных аўтамашын. Брыль. // Прыгатаваны з хлеба. Хлебны квас. / у знач. наз. хлебная, ‑ай, ж. — Вось гэта рэч! — казаў дзядзька, наліваючы самагонкі ў кілішкі. — Свайго вырабу, хлебная. Корбан. // Прызначаны для хлеба, яго прыгатавання, выпечкі. Хлебныя дрожджы. Хлебная лапата. ▪ Пачэсны кут займае ў светлых хатах Заквашаная хлебная дзяжа. А. Александровіч.
2. Звязаны з захаваннем, продажам хлеба (у 1, 2 знач.). Хлебны магазін. Хлебная манаполія. ▪ [Маці:] — А калі выручыш [Дзімка] грошы, купіш якую кулідку хлеба, — на тым тыдні хлебныя карткі ж адмянілі. Капыловіч.
3. Багаты хлебам, ураджайны. Хлебны год. Хлебны край. ▪ Час быў не надта хлебны, гэта Святлана помніць добра. Лось.
4. перан. Разм. Выгодны, даходны. Хлебная пасада. ▪ Лапці, світкі зрэбныя — З нашых сёл якраз, На заробкі хлебныя Ездзілі ў Данбас... Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)