Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фурма́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Падвода для перавозкі грузаў. З грэблі спускалася ўніз поўная белых мяхоў фурманка. Брыль. Яшчэ праз некалькі дзён шырокай лясной дарогай ехала фурманка. Чорны. Фурманкі з бульбай адна за адной прыязджалі з поля. Чарнышэвіч.

фурма́нскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фурмана, належыць яму. — Но-о-о! Ка-аб цябе... — чуўся.. няшчыры фурманскі голас. Бядуля. Спераду ўпоперак саней ставілася лавачка-козлы, і хутчэй як пэўная даніна фурманскай традыцыі, бо практычнага сэнсу яна не мела. «Помнікі».

2. у знач. наз. фурма́нская, ‑ай, ж. Уст. Памяшканне для фурманоў у доме памешчыка.

фурма́нства, ‑а, н.

Занятак, прафесія фурмана. У Вялікім княстве Літоўскім татарам прадастаўлены былі ўсе грамадзянскія правы і свабода веравызнання. Яны выкарыстоўваліся для воінскай службы, займаліся агародніцтвам, садаводствам і фурманствам. Жураўскі. Афіцыйна ва ўправе.. [Антон] атрымаў дакумент на сваё фурманства і карыстаўся ім спрытна. Новікаў.

фурма́ншчык, ‑а, м.

Уст. Фурман. [Чалавек] нагледзеў сялянскую фурманку і паехаў. Ён быў у кажушку і здавалася, што гэта таксама малады фурманшчык. Чорны.

фурмаўшчы́к, ‑а, м.

Спец. Рабочы пры фурме.

фу́рменны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да фурмы, належыць ёй. Фурменная адтуліна.

фурніту́ра, ‑ы, ж.

Дапаможныя матэрыялы, прыклад у якой‑н. вытворчасці (у кравецкай справе — гузікі, кнопкі, кручкі і пад.). Галантарэйная фурнітура. Шавецкая фурнітура.

[Фр. fourniture.]

фурніту́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фурнітуры; звязаны з вытворчасцю фурнітуры. Фурнітурны цэх. // Які з’яўляецца фурнітурай. Фурнітурныя вырабы.

фуро́р, ‑у, м.

Шумны публічны поспех; бурнае праяўленне захаплення кім‑, чым‑н. Зрабіць фурор сваім выступленнем на конкурсе. □ Усюды, куды трапляла «Кніга быція» Крапівы, яна рабіла сапраўдны фурор. Таўлай.

[Ад лац. furor — шаленства, нястрымнасць.]

фуру́нкул, ‑а, м.

Спец. Гнойнае запаленне валасянога мяшочка і сальнай залозы скуры; скула.

[Лац. furunculus.]