Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

функцыяні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Выконваць свае функцыі, быць у дзеянні, працаваць. Рэшткі падлогі і абліцоўкі сцен сведчаць аб тым, што царква.. была дабудавана і функцыяніравала на працягу невялікага часу, пасля чаго была разбурана. «Беларусь». // (са словамі: «як» і «у якасці» каго-чаго). Выконваць пэўныя функцыі. Так адкрываецца Віцебскі гарадскі музей, які з кастрычніка 1919 г. пачынае функцыяніраваць як музей гісторыка-археалагічны. «Помнікі».

фунт 1, ‑а, М ‑нце, м.

1. Руская мера вагі, роўная 409,5 г, якая існавала да ўвядзення метрычнай сістэмы. Насечкі на пруце зроблены па старой сістэме — на фунты. Два з палавінай фунты роўны кілаграму. Жычка. // У Вялікім княстве Літоўскім — мера вагі, якая з 1766 г. адпавядала 374,82 г.

2. У краінах з англійскай сістэмаю мер — мера вагі, роўная 453,6 г.

•••

Пачым фунт ліха (ведаць, зазнаць, паказаць і пад.) — як цяжка ў горы, у нястачы.

[Ням. Pfund ад лац. pondus — вага, гіра.]

фунт 2, ‑а, М ‑нце. м.

1. Грашовая адзінка Вялікабрытаніі; тое, што і фунт стэрлінгаў. Было калісьці так: англійскі фунт На біржах свету ўздымаў тайфун. Панчанка.

2. Грашовая адзінка Арабскай Рэспублікі Егіпет, Лівана, Судана, Сірыі і некаторых іншых краін.

•••

Фунт стэрлінгаў — грашовая адзінка Вялікабрытаніі, роўная 100 пенсам.

[Англ. pound (sterling).]

фунтаві́к, ‑а, м.

Разм. Гіра вагой у адзін фунт.

фунто́вы, ‑ая, ‑ае.

Вагой у адзін фунт. Фунтовая гіра.

фунто́ўка, ‑і, ДМ ‑тоўцы; Р мн. ‑товак; ж.

Разм.

1. Сорт летніх, вялікіх груш, якія растуць на Беларусі. — Дзічка, — сказаў Мікалай, задзіраючы галаву на грушу. — Яна лепш.. за фунтоўку або сапяжанку, — сказаў Юрка. Чорны.

2. Плод гэтай грушы.