Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

флама́ндцы, ‑аў; адз. фламандзец, ‑дца, м.; фламандка, ‑і, ДМ ‑дцы; мн. фламандкі, ‑дак; ж.

Народ, які насяляе поўнач Бельгіі і частку французскай Фландрыі.

флама́стэр, ‑а, м.

Карандаш, у якім пішучым элементам з’яўляецца порысты стрыжань, насычаны фарбавальнікам.

[Англ. flowmaster.]

фламі́нга, нескл., м.

Трапічная і субтрапічная вадзяная птушка з бледна-ружовым апярэннем, доўгай шыяй і высокімі нагамі. На зарослай лілеямі, зацягнутай раскаю водмелі стаяць ружовыя, лірычна маўклівыя фламінга. Брыль.

[Партуг. flamingo.]

фланг, ‑а, м.

1. Правы ці левы край рада, строю, фронту ў распалажэнні і пастраенні войск. Сцёпа, як самы вышэйшы.. ростам, заняў першае месца на правым флангу. Якімовіч. Шчарбацюк расказаў, што найбольш моцныя тут флангі, размешчаныя на вышынях. Мележ. 18‑ая стралковая дывізія наступала ўпрытык да левага фланга 3‑га конкорпуса. Машара.

2. Правы ці левы бок чаго‑н. (у час бою, палявання і пад.). Далёка на левым флангу заставы.. пачуўся выбух гранаты. Брыль. Раптам з фланга варожы дзот адкрыў кулямётны агонь па савецкіх воінах. «Помнікі». // У шахматнай гульні — правая або левая старана дошкі.

•••

Каралеўскі фланг — правая палавіна дошкі, якая ўтвараецца вертыкалямі e, f, g, h.

Ферзевы фланг — левая старана дошкі, якая ўтвараецца вертыкалямі a, b, c, d.

фланго́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фланга, знаходзіцца на флангу, адбываецца з фланга. Фланговая пазіцыя. Фланговы ўдар.

2. у знач. наз. фланго́вы, ‑ага, м. Крайні з фланга ў шарэнзе.

флане́левы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фланелі. Фланелевы цэх. // Зроблены, пашыты з фланелі. Фланелевая кашуля. □ [Раечка] ляжала на першым ад парога ложку, у паласатай фланелевай піжамцы. Брыль.

флане́леўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

У маракоў — форменная фланелевая блуза. Матроская фланелеўка.

флане́ль, ‑і, ж.

Мяккая баваўняная або шарсцяная тканіна палатнянага перапляцення з двухбаковым начосам.

[Фр. flanelle.]

флане́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фланелі; прызначаны для фланелі, для вырабу фланелі. Фланельны цэх.

фла́нец, ‑нца, м.

Спец.

1. Злучальная частка трубаправодаў, валаў і пад. у выглядзе дыска з адтулінамі для балтоў.

2. Адагнуты пад прамым вуглом кант металічнага ліста.

[Ад ням. Flansch.]