дрэна́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да дрэнажу. Дрэнажныя работы. Дрэнажная канава. Дрэнажная трубка.
дрэ́нна,
1. Прысл. да дрэнны.
2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, цяжкае становішча. Адно было дрэнна: ноч была цёмная. Чарнышэвіч. — Вось выганяць са школы, дык будзе зусім дрэнна. Лынькоў.
3. безас. у знач. вык., каму. Пра цяжкі фізічны або душэўны стан. Хвораму зрабілася дрэнна.
4. у знач. наз. дрэ́нна, нескл., н. Адзнака, якой ацэньваюць нізкі, нездавальняючы ўзровень ведаў. Атрымаць дрэнна па матэматыцы.
•••
Дрэнна кончыць гл. кончыць.
дрэ́нны, ‑ая, ‑ае.
1. З адмоўнымі якасцямі або ўласцівасцямі; не такі, як трэба, нездавальняючы; проціл. добры. Дрэнная дарога. Дрэнная папера. Дрэннае вымаўленне. Дрэннае здароўе. Дрэнны конь. □ Вынікі вучобы ў Андрэя за год былі зусім дрэнныя: некалькі чацвёрак, а астатнія тройкі і двойкі. Гурскі. // Нявопытны, няўмелы; няздольны. Дрэнны гаспадар. Дрэнны памочнік. □ — Артыст я дрэнны. Баюся, сам правалюся і людзей правалю. Шамякін.
2. Кепскі, заганны ў маральных адносінах; амаральны. Дрэнны чалавек. Дрэнны ўчынак. Дрэнная рэпутацыя. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. // Непрыемны для другіх; грубы (пра манеры, густ і пад.). Дрэнны характар. Дрэнная прывычка. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Гаспадары] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны. Як ні кажы, дрэннага за Варварай ніхто не заўважаў. Васілевіч.
3. Невясёлы, пануры; які не прадвяшчае добрага. Дрэнны настрой. Дрэннае прадчуванне. □ Сёння быў такі дзень у Ладымера, што дрэнныя думкі не мучылі яго. Чорны. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Зося:] Не трэба думаць шмат пра тое, што .. не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.
•••
Дрэнныя жарты гл. жарт.
Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.
Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.
дрэ́нчыць, ‑чыць; незак. (звычайна безас.).
Абл. Не даваць спакою, турбаваць. — Дык чаго цябе дрэнчыць?.. — Яўхім незадаволена паглядзеў на Ганулю і выйшаў у камору. Гурскі. Гэта пачало Зосю нерваваць, дрэнчыць. Гартны.
дрэнь, ‑і, ж.
Разм.
1. зб. Што‑н. бескарыснае, непрыгоднае. [Гамрэкелі:] — Што ў цябе за мода падбіраць на вуліцы ўсякую дрэнь?! Самуйлёнак. // перан. Лухта, бязглуздзіца, глупства. А раз нічога не робіш, то розная дрэнь у галаву і лезе. Скрыпка.
2. у знач. вык. Пра каго‑, што‑н. нядобрае, кепскае. Справа дрэнь. □ І хоць быў токар з яго дрэнь, Ён неяк умудрыўся Дзве нормы выганяць за дзень. Валасевіч.
дрэсірава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад дрэсіраваць.
2. у знач. прым. Які прайшоў дрэсіроўку; абучаны, вучоны (пра жывёл). Дрэсіраваны сабака. Дрэсіраваны мядзведзь.
дрэсірава́цца, ‑руецца; незак.
Зал. да дрэсіраваць.
дрэсірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., каго-што.
Вучыць (жывёл) выконваць пэўныя дзеянні. Дрэсіраваць сабак. Дрэсіраваць галубоў. // перан. Разм. Прывучаць да строгай дысцыпліны; муштраваць.
[Ад фр. dresser.]
дрэсіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дрэсіраваць.
дрэсіро́ўшчык, ‑а, м.
Той, хто займаецца дрэсіроўкай. Дрэсіроўшчык тыграў.