Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ажы́ўленасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан ажыўленага. Ажыўленасць руху.

ажыўле́нне, ‑я, н.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. ажыўляць — ажывіць і ажыўляцца — ажывіцца.

ажы́ўлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад ажывіць.

2. у знач. прым. Вясёлы, бадзёры, узбуджаны. Калі Віктар адышоў, Мая, усё яшчэ ўзрадаваная, ажыўленая, са шчаслівымі іскрамі ў вачах, хапіла Мікалая за руку і засмяялася. Карпюк. Грукаючы ботамі, у пакой забег ажыўлены Валодзя. Даніленка. // Які выяўляе ажыўленне. Ажыўлены погляд. Ажыўленая ўсмешка. // Цікавы, жывы, займальны. Ажыўленая размова. // Поўны руху, мітусні, дзейнасці; шумны. Ажыўлены парк.

ажыўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да ажывіцца.

2. Зал. да ажыўляць.

ажыўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да ажывіць.

ажыццёўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад ажыццявіць.

ажыццяві́масць, ‑і, ж.

Магчымасць ажыццяўлення чаго‑н. Ажыццявімасць планаў.

ажыццяві́мы, ‑ая, ‑ае.

Такі, які можна ажыццявіць. Ажыццявімае жаданне.

ажыццяві́цца, ‑явіцца; зак.

Здзейсніцца, збыцца; стаць рэальнасцю. Задума ажыццявілася. □ А з ім [Цікаўным] ідзе рука ў руку, дачка з ім Сонца — Мілавіца. І будуць так ісці, — пакуль іх Слова не ажыццявіцца. Дубоўка.

ажыццяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., што.

Здзейсніць, выканаць на практыцы; зрабіць рэальнасцю. Ажыццявіць велічныя планы пабудовы камунізма. □ Савецкая ўлада нацыяналізавала прамысловасць, чыгункі, банкі, зямлю. Яна ліквідавала памешчыцкае землеўладанне і ажыццявіла спрадвечную мару сялянства аб зямлі. Праграма КПСС. І наша пакаленне маладое, Якое выстаяла пад цяжарам, Ажыццявіць з настойлівасцю тое, Што наспявала ў бацькоўскіх марах. Аўрамчык.