кі́лечны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кількі. Кілечны промысел.
кілза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго.
Класці цуглі ў рот каню. [Фельчар] успомніў яе зграбную постаць, тонкія рукі, якія спрытна кілзалі стаенніка. Бядуля.
кілі́м, ‑а, м.
Шарсцяны бязворсавы дыван ручной работы. Вышыць кілім. □ Ёсць домік у тым гарадку небагаты: Пакой цеснаваты, Кілім на тахце старасвецкі, Ды нізенькі зэдлік шавецкі. Зарыцкі. Дарагія дываны, кілімы, шаўковыя і плюшавыя пакрывалы, сурвэткі напаўнялі кватэру. Грамовіч. // перан. Пра тое, што сваім выглядам нагадвае такі дыван. Вясна пакрывала аблогі Кілімамі траў, Канюшын. Калачынскі. Кінуў ім Пад ногі верас светла-сіні Няроўна вытканы кілім. Ляпёшкін.
[Тур. kilim.]
кілі́мавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кіліма. Кілімавыя вырабы.
кілі́мшчык, ‑а, м.
Майстар, які вырабляе кілімы.
кілі́шак, ‑шка, м.
Невялікая шкляная пасудзіна на ножцы; чарка. Хрустальны кілішак. // Колькасць напітку, што можа змясціцца ў такой пасудзіне. Выпіць кілішак гарэлкі.
кіло́, нескл., н.
Разм. Тое, што і кілаграм. На стале.. ляжала кіло тры хлеба. Чорны.