Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кізя́к, ‑у; мн. кізякі, ‑оў; м.

Гной з дамешкай саломы, які на поўдні СССР высушваецца ў выглядзе цаглін і скарыстоўваецца як паліва. Мы ехалі па бязлеснай мясцовасці, дзе асноўным палівам быў кізяк. «ЛіМ».

[Цюрк.]

кізяко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кізяку. Кізяковы дым.

кій, кія, м.

1. Прамая тонкая палка. Выламаць кій. Арэхавы кій. // Палка для апоры пры хадзьбе. Цётка абапіралася на тоўсты бярозавы кій (дагэтуль ніхто яе з кіем не бачыў), і рукі яе калаціліся. Шамякін.

2. Доўгая прамая палка з патанчэннем на канцы для гульні ў більярд.

•••

Не кіем дык палкай; ці кіем ці палкай — усё роўна, тое самае.

У старца кій адабраць — забраць у беднага апошняе.

[Польск. kij.]

кікс, ‑у, м.

Няўдалы ўдар кіем па шары ў більярднай гульні.

[Англ. kicks.]

кіксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак.

Рабіць кікс у більярднай гульні.

кіл, ‑у, м.

Разнавіднасць гліны з вялікай колькасцю шчолачаў (прымяняецца для мыцця бялізны ў марской вадзе).

[Тур. kil.]

кіла́, ‑ы, ж.

1. Разм. Тое, што і грыжа.

2. Хвароба крыжакветных раслін, пры якой на карэнні ўтвараюцца нарасці.

кіла...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам: тысяча, у тысячу разоў, напрыклад: кілават, кіламетр.

[Фр. kilo ад грэч. chilioi — тысяча.]

кілава́т, ‑а, М ‑ваце, м.

Адзінка вымярэння магутнасці электрычнага току, роўная 1000 ват.

кілава́т-гадзі́на, ‑ы, ж.

Адзінка вымярэння энергіі электрычнага току, роўная рабоце, якая выконваецца на працягу 1 гадзіны пры магутнасці току ў 1 кілават.