Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дрэна́ж, ‑у, м.

1. Асушэнне грунту з дапамогай сістэмы каналаў або труб. Дрэнаж балота. // Сістэма асушальных каналаў або труб.

2. Вывядзенне з раны гною, вадкасці з дапамогай спецыяльнай трубкі. Дрэнаж раны.

3. Гумавая або шкляная трубка з бакавымі адтулінамі, якая ўводзіцца ў поласць цела або рану для вывядзення гною, вадкасці.

[Фр. drainage.]

дрэнажава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дрэнажаваць.

дрэнажава́цца, ‑жуецца; незак.

Зал. да дрэнажаваць.

дрэнажава́ць, ‑жую, ‑жуеш, ‑жуе; зак. і незак., што.

Зрабіць (рабіць) дрэнаж (у 1 і 2 знач.).

дрэна́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дрэнажу. Дрэнажныя работы. Дрэнажная канава. Дрэнажная трубка.

дрэ́нна,

1. Прысл. да дрэнны.

2. безас. у знач. вык. Пра неспрыяльныя абставіны, цяжкае становішча. Адно было дрэнна: ноч была цёмная. Чарнышэвіч. — Вось выганяць са школы, дык будзе зусім дрэнна. Лынькоў.

3. безас. у знач. вык., каму. Пра цяжкі фізічны або душэўны стан. Хвораму зрабілася дрэнна.

4. у знач. наз. дрэ́нна, нескл., н. Адзнака, якой ацэньваюць нізкі, нездавальняючы ўзровень ведаў. Атрымаць дрэнна па матэматыцы.

•••

Дрэнна кончыць гл. кончыць.

дрэ́нны, ‑ая, ‑ае.

1. З адмоўнымі якасцямі або ўласцівасцямі; не такі, як трэба, нездавальняючы; проціл. добры. Дрэнная дарога. Дрэнная папера. Дрэннае вымаўленне. Дрэннае здароўе. Дрэнны конь. □ Вынікі вучобы ў Андрэя за год былі зусім дрэнныя: некалькі чацвёрак, а астатнія тройкі і двойкі. Гурскі. // Нявопытны, няўмелы; няздольны. Дрэнны гаспадар. Дрэнны памочнік. □ — Артыст я дрэнны. Баюся, сам правалюся і людзей правалю. Шамякін.

2. Кепскі, заганны ў маральных адносінах; амаральны. Дрэнны чалавек. Дрэнны ўчынак. Дрэнная рэпутацыя. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. // Непрыемны для другіх; грубы (пра манеры, густ і пад.). Дрэнны характар. Дрэнная прывычка. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Гаспадары] доўга шукалі ўсяго дрэннага ў былога парабка, а разам стараліся выказаць як найбольш чорных слоў і на цяперашні свет. Чорны. Як ні кажы, дрэннага за Варварай ніхто не заўважаў. Васілевіч.

3. Невясёлы, пануры; які не прадвяшчае добрага. Дрэнны настрой. Дрэннае прадчуванне. □ Сёння быў такі дзень у Ладымера, што дрэнныя думкі не мучылі яго. Чорны. / у знач. наз. дрэ́ннае, ‑ага, н. [Зося:] Не трэба думаць шмат пра тое, што .. не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

•••

Дрэнныя жарты гл. жарт.

Пайсці па дрэннай дарозе гл. пайсці.

Рабіць вясёлую міну пры дрэннай гульні гл. рабіць.

дрэ́нчыць, ‑чыць; незак. (звычайна безас.).

Абл. Не даваць спакою, турбаваць. — Дык чаго цябе дрэнчыць?.. — Яўхім незадаволена паглядзеў на Ганулю і выйшаў у камору. Гурскі. Гэта пачало Зосю нерваваць, дрэнчыць. Гартны.

дрэнь, ‑і, ж.

Разм.

1. зб. Што‑н. бескарыснае, непрыгоднае. [Гамрэкелі:] — Што ў цябе за мода падбіраць на вуліцы ўсякую дрэнь?! Самуйлёнак. // перан. Лухта, бязглуздзіца, глупства. А раз нічога не робіш, то розная дрэнь у галаву і лезе. Скрыпка.

2. у знач. вык. Пра каго‑, што‑н. нядобрае, кепскае. Справа дрэнь. □ І хоць быў токар з яго дрэнь, Ён неяк умудрыўся Дзве нормы выганяць за дзень. Валасевіч.

дрэсірава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад дрэсіраваць.

2. у знач. прым. Які прайшоў дрэсіроўку; абучаны, вучоны (пра жывёл). Дрэсіраваны сабака. Дрэсіраваны мядзведзь.