Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бяссі́лле, ‑я, н.

1. Недахоп, адсутнасць фізічных сіл; крайняя слабасць. Часам мільгалі ў ваччу нейкія чорныя кропкі. Камісар апускаў у бяссіллі галаву, прынікаючы ўсім целам да нагрэтага сонцам насцілу. Лынькоў.

2. Няздольнасць, немагчымасць зрабіць што‑н.; бездапаможнасць. Зося рабіла ўсё магчымае, каб дапамагчы мужу,.. але хутка пераканалася ў сваім бяссіллі. Барсток.

бяссі́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і бяссільны. Рукі, ногі — усё рабілася такім бяссілым, што хацелася сесці. Мележ.

бяссі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае фізічных сіл; вельмі слабы. Хлопец кінуўся падымаць таварыша. Але бяссільнае цела інжынера хілілася долу, і тут толькі хлопец заўважыў вялікую лужыну крыві на месцы, дзе ляжаў таварыш. Лынькоў. [Мікола] разгортвае.. сшытак і, палажыўшы на яго левыя старонкі сваю бяссільную руку, правай рукой нешта піша. Брыль.

2. Няздольны што‑н. зрабіць, што‑н. пераадолець; бездапаможны. [Мікола:] — Загаіць гэту рану Мы бяссільны, ўрачы. Бачыла. // Пазбаўлены магчымасці задаволіцца (пра пачуцці). Бяссільная злосць [Мікіты] вылілася на Матку, яго безадказную памочніцу, і ясна стала, якая яна, гэта злосць, горкая, дзікая і дурная. Брыль.

бясскі́вічныя, ‑ых.

Надклас ніжэйшых вадзяных пазваночных падтыпу чарапных (міногі, міксіпы і пад.).

бяссла́ўе, ‑я, н.

Няслава, ганьба. Імгла зялёная імгліць Па-над дарожным палатном. Чые тут войскі не ішлі, Каб стаць затым бясслаўя тлом. Калачынскі.

бяссла́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які не заслугоўвае славы, не пакрыты славай, няслаўны; ганебны. Бясслаўнае адступленне. □ Калі ж варожыя палкі Прыйшлі таптаць маю радзіму, Іх ахінуў ты [усходні вецер] ў саван дыму І кінуў мёртвыя пяскі На іх бясслаўныя магілы. Танк. Ужо нямнога засталося жахлівых слядоў варожага нашэсця. Але добра захаваліся сляды іх бясслаўнай пагібелі: абгарэлыя іржавыя каркасы вагонаў, .. пакарэжаныя, пакрытыя іржою танкі, рэшткі спаленых аўтамашын. Шамякін.

бяссле́дны, ‑ая, ‑ае.

Які не пакідае пасля сябе ніякіх слядоў. Бясследнае знікненне.

бясслёзны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае слёз. Бясслёзная журба.

бяссло́ўны, ‑ая, ‑ае.

Выказаны без слоў. Бясслоўны дакор. // Пра чалавека, які не любіць гаварыць; маўклівы. [Лагуновіч:] — Але тут [у калгасніц], акрамя ўсіх бядот, якія ты [Якавенка] ведаеш, яшчэ і іх асабістая — старшыня. .. На выгляд — так, бясслоўнае стварэнне, цялё рахманае. Мележ.

бяссме́ртнік, ‑у, м., зб.

Назва рада травяністых раслін з сухімі кветкамі, якія не вянуць; імартэль, сухацвет. Пад акном разросся куст бэзу, дацвіталі вяргіні і бяссмертнікі. Сабаленка.