мо́ка, нескл., н.
Каштоўны гатунак кавы.
[Ад назвы порта Мока на поўдні Аравійскага паўвострава.]
мо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. мок, мокла; незак.
1. Станавіцца мокрым, вільготным; намакаць. Каля панурага старажытнага будынка караля мок пад дажджом маршчыністы стары.., зазываючы паесці гарачых сасісак. Мележ. З бярозы цурком палілася вада, мокла вопратка. Пташнікаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Псавацца ад празмернай вільгаці. Дошкі Грачоў прывёз для новых сенцаў, і частку іх склаў у двары, пад сцяной хлеўчука. Частку, каб не моклі, перацягаў на гарышча. Ракітны.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у вадзе або іншай вадкасці для набыцця новых якасцей. У цэбры ля студні мокла лаза. Пестрак. Ну, што, здаецца, кусок дрэва, Той чорны дуб, што ў рэчцы мок, А вось жа выйшаў кад[а]ўбок, Майстэрства дзіва. Колас.
•••
Мокнуць у гарэлцы — многа і часта піць.
мо́кра,
1. Прысл. да мокры.
2. безас. у знач. вык. Вільготна, сыра. На дварэ было мокра і зябка. Лобан. На поплаве было мокра, сцежка вілася на ім слізкая і вільготная. Чарнышэвіч.
мо́кры, ‑ая, ‑ае.
1. Насычаны вільгаццю; сыры; проціл. сухі. Мокры снег. □ Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала і ўніз цягнула. Маўр. Ля кастроў гаманілі хлопцы, сохла мокрая вопратка. Брыль. // Пакрыты вільгаццю. На мокрай траве, на лістах алешніку буйнымі кроплямі зіхаціць раса. В. Вольскі. Уважна слухала Агапа чытанне, і слёзы часта рабілі мокрым яе твар. Мурашка. // Потны. З кабінета першага сакратара выляталі па адным чырвоныя і мокрыя ад поту старшыні адсталых калгасаў. Шамякін.
2. Разм. Дажджлівы, сыры (пра надвор’е). Мокрая вясна. □ Нават у мокры год жыта тут слабее бывае. Крапіва. Ноч была мокрая, чорная. Зарэцкі.
•••
Вочы на мокрым месцы гл. вока.
Мокрае месца застанецца гл. месца.
Мокрая курыца гл. курыца.
Мокрая справа гл. справа.
Мокры, хоць выкруці — вельмі мокры.
Як мокрае гарыць — вельмі марудна (рабіць што‑н., робіцца што‑н.).
(Як) мокрая варона гл. варона.
мо́кша, ‑ы, м. і ж.
Адна з дзвюх этнаграфічных груп мардоўскага народа.
мол, ‑а, м.
Партовае збудаванне ў выглядзе высокага і доўгага вала, якое засцерагае параходы ад марскіх хваль. Іліко і Гіго сядзелі на моле, на каменнай сцяне, што ішла далёка ў мора. Самуйлёнак.
[Іт. molo, ад лац. moles — насып.]
мо́лада, прысл.
Як у маладога, як малады. Вочы [Гогіберыдзе] глядзелі молада, жвавыя, цёмныя і бліскучыя. Самуйлёнак. Кроў пульсуе заўзята, і молада Новым дням і пачуццям у лад. Глебка.
мо́ладасць, ‑і, ж.
Абл. Маладосць. Ды наша моладасць слязам І сумным песням не паверыць. Танк.
мо́ладзь, ‑і, ж., зб.
Маладое, падрастаючае пакаленне. Яшчэ не затухла полымя грамадзянскай вайны, а моладзь ужо бралася будаваць новае жыццё. Няхай. Няма на зямлі шчаслівей юнакоў, Як моладзь Савецкай радзімы. А. Александровіч. // Маладыя людзі; юнакі, дзяўчаты. Дзед Ігнат, а за ім іншыя мужчыны, скінулі шапкі, прыціхла моладзь... Васілевіч.
•••
Залатая моладзь — моладзь з буржуазна-дваранскага асяроддзя, якая вядзе марнатраўнае жыццё.
мо́лат, ‑а, М ‑лаце, м.
1. Вялікі цяжкі малаток, якім куюць металы, дробяць каменне, забіваюць што‑н. і г. д. Яшчэ здалёк даносіўся звон піл, кавальскіх молатаў, кувалдаў. Бялевіч. Бацька біў каменне велізарным молатам. Чорны.
2. Механічная прылада для апрацоўкі металаў пры дапамозе ціску. [Каваль] грукнуў дваццацітонным паравым молатам па балванцы і задаволена ўсміхнуўся. Навуменка. У кузні пры майстэрні гулка стукаў аўтаматычны молат і гудзеў горан. Шамякін.
3. Спартыўная прылада для кідання — металічнае ядро з тросам.
•••
Серп і молат гл. серп.
Паміж молатам і кавадлам — у цяжкім становішчы, калі небяспека пагражае з двух бакоў (быць, аказацца, знаходзіцца і пад.).