мокры, ‑ая, ‑ае.
1. Насычаны вільгаццю; сыры; проціл. сухі. Мокры снег. ▪ Мокрае адзенне і рухацца перашкаджала і ўніз цягнула. Маўр. Ля кастроў гаманілі хлопцы, сохла мокрая вопратка. Брыль. // Пакрыты вільгаццю. На мокрай траве, на лістах алешніку буйнымі кроплямі зіхаціць раса. В. Вольскі. Уважна слухала Агапа чытанне, і слёзы часта рабілі мокрым яе твар. Мурашка. // Потны. З кабінета першага сакратара выляталі па адным чырвоныя і мокрыя ад поту старшыні адсталых калгасаў. Шамякін.
2. Разм. Дажджлівы, сыры (пра надвор’е). Мокрая вясна. ▪ Нават у мокры год жыта тут слабее бывае. Крапіва. Ноч была мокрая, чорная. Зарэцкі.
•••
Вочы на мокрым месцы гл. вока.
Мокрае месца застанецца гл. месца.
Мокрая курыца гл. курыца.
Мокрая справа гл. справа.
Мокры, хоць выкруці — вельмі мокры.
Як мокрае гарыць — вельмі марудна (рабіць што‑н., робіцца што‑н.).
(Як) мокрая варона гл. варона.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)