мо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. мок, мокла; незак.
1. Станавіцца мокрым, вільготным; намакаць. Каля панурага старажытнага будынка караля мок пад дажджом маршчыністы стары.., зазываючы паесці гарачых сасісак. Мележ. З бярозы цурком палілася вада, мокла вопратка. Пташнікаў.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Псавацца ад празмернай вільгаці. Дошкі Грачоў прывёз для новых сенцаў, і частку іх склаў у двары, пад сцяной хлеўчука. Частку, каб не моклі, перацягаў на гарышча. Ракітны.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у вадзе або іншай вадкасці для набыцця новых якасцей. У цэбры ля студні мокла лаза. Пестрак. Ну, што, здаецца, кусок дрэва, Той чорны дуб, што ў рэчцы мок, А вось жа выйшаў кад[а]ўбок, Майстэрства дзіва. Колас.
•••
Мокнуць у гарэлцы — многа і часта піць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)