Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

я́рус, ‑а, м.

1. Рад гарызантальна размешчаных прадметаў адзін над другім. Дошкі складзены ў пяць ярусаў. □ Паўзбоч.. [печы] ляжала ў ярусах бярвенне. Сачанка.

2. Адзін з сярэдніх або верхніх паверхаў у глядзельнай зале. Ложа другога яруса. □ Вялізная зала.. тэатра.. і ўсе ярусы паўнюткі людзей. Скрыган.

3. У геалогіі — сукупнасць горных парод, якія ўтварыліся на працягу геалагічнага веку.

4. У рыбалоўстве — рыбалоўная кручковая снасць у выглядзе доўгай вяроўкі з замацаванымі на ёй на пэўнай адлегласці адзін ад другога кручкамі на павадках.

я́руснасць, ‑і, ж.

Размяшчэнне чаго‑н. радамі, ярусамі; напластаванне чаго‑н. над чым‑н.

я́русны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да яруса (у 1 знач.). Ярусная пабудова.

2. Звязаны з ярусам (у 4 знач.). Ярусная снасць. Ярусны лоў рыбы.

яру́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Пустазелле сямейства крыжакветных. З пучкоў травы на Алеську зірнулі кволымі белымі вочкамі яруткі. Хомчанка.

ярчэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. яркі.

ярчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Станавіцца больш яркім; ззяць, зіхацець. Святло набліжалася і ярчэла даволі хутка, але раптам згасла. Кулакоўскі. Ярчэюць залатыя россыпы зор. Лынькоў. // перан. Станавіцца больш выразным, бачным, адчувальным. Толькі нязменна ярчэе Ленінскай праўды святло. Глебка. Людскія рукі ў працы нылі, А зрок ярчэў ад шчасця жыць. Хведаровіч.

яршо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ярша, прыгатаваны з ярша. Яршовая юшка.

яршы́сты, ‑ая, ‑ае.

1. Шчаціністы, віхрасты; калючы. Зайцаў насупіў яршыстыя бровы. Даніленка. Сын, з яршыстым чубчыкам на галаве, сядзіць за сталом насупраць бацькі. Грамовіч.

2. перан. Няўступчывы, заўзяты; задзірлівы. Янука Лапату Андрэй не любіў. Яршысты, злосны чалавек. Караткевіч.

яршы́цца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.

1. Натапырвацца, нахохлівацца (пра птушак). У густым голлі ігрушы яршыліся вераб’і. Даніленка.

2. перан. Станавіцца яршыстым, задзірлівым. — Не яршыся.. Панадзішся піць — святаў не заўважыш. Калодзежны.

яршы́ць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак., што.

Разм. Натапырваць, паднімаць яршом. Яршыць валасы.