казе́ліць,
У выразе: казеліць вочы — скасавурыўшыся, пільна ўглядацца ў каго‑, што‑н.
казема́т, ‑а, М ‑маце, м.
1. Абарончае збудаванне ў крэпасцях, фортах, батарэях для ўкрыцця ад бомб і снарадаў, захоўвання боепрыпасаў і пад. Земляныя валы,.. вялікія скляпенні казематаў да гэтага часу захоўваюць на сабе адбіткі былых баёў. «Беларусь».
2. Браніраванае памяшканне на караблях для ўстаноўкі гармат сярэдняга калібру.
3. У дарэвалюцыйнай Расіі — адзіночная камера ў крэпасці для трымання палітычных зняволеных. Казематы Петрапаўлаўскай крэпасці. □ Унізе, у казематах, сядзелі бясстрашныя барацьбіты-вязні, а наверсе ў прасторным пакоі былі каты. Няхай.
[Фр. casemate ад іт. casamatta.]
казема́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да каземата. Казематныя гарматы. Казематныя сцены.
казе́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Двухмесная канапка.
казёл, ‑зла, м.
1. Самец казы. Стралец расказвае: — Сёння з самага ранку натрапіў я на чараду коз. Была там каза з казлянятамі ды стары казёл барадаты. Якімовіч.
2. Дзікая млекакормячая жывёліна сямейства пустарогіх, якая водзіцца звычайна ў гарах.
3. Разм. Род гульні ў карты, даміно. Пасля абеду на палубе першага класа пачалі стукаць «казла» — настрой узрушаны, воклічы. Мележ.
4. Метал, шлак, які застыў пры плаўленні і прыкарэў да сценак печы, каўша і пад.
5. Гімнастычны снарад у выглядзе кароткага, абабітага скурай бруса на чатырох высокіх ножках.
6. Разм. Род бабкі: некалькі снапоў ячменю, аўса, састаўленых пэўным чынам для прасушвання.
7. Разм. Тое, што і казляк. Назбіраць казлоў.
8. Разм. Легкавы аўтамабіль павышанай праходнасці. «Казёл» выпісаў круг на плошчы і спыніўся каля адной крамы. Ермаловіч.
•••
Казёл адпушчэння — пра чалавека, на якога заўсёды звальваюць чужую віну, адказнасць за правіннасць.
Казлы драць гл. драць.
Пусціць казла ў агарод гл. пусціць.
Як з казла малака з каго — пра таго, хто не прыносіць ніякай карысці.
казёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Уст.
1. У дарэвалюцыйнай Расіі — казённы вінны магазін.
2. Гарэлка, якую прадавалі ў такіх магазінах. За чаркай казёнкі незнаёмы расказваў у карчме, як ён калісьці служыў у гэтым самым Міры фурманам-паштальёнам. Мальдзіс.
казённако́штны, ‑ая, ‑ае.
Уст. Якога вучылі і трымалі на сродкі казны, за казённы кошт. Казённакоштны семінарыст.
казённік, ‑а, м.
Разм. Тое, што і казённая частка (гл. частка). З рулі вінтоўкі яшчэ не выкурыўся дым ад першага стрэлу, як Свістуноў даслаў у казённік ствала другі патрон і яшчэ раз стрэліў. Паўлаў.
казённы, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які мае адносіны да казны, належыць ёй; дзяржаўны. Казённая зямля. Казённыя грошы. Казённы лес. // Які выдаецца з казны, за кошт казны, дзяржавы. Казённае абмундзіраванне. □ Цесляры выбягалі з баракаў, размахваючы казённымі сякерамі. Чорны. // Які аплачваецца казной. Казённая кватэра.
2. Уст. Які знаходзіўся на дзяржаўнай службе. На гасцінцы, у вярсце ад чыгункі, стаяла хата казённага лесніка Лукаша. Колас.
3. перан. Неадабр. Бюракратычны, фармальны. Казённы падыход да справы. Казённае выхаванне. // Пазбаўлены арыгінальнасці; банальны. Казённая мова. Казённыя фразы.
•••
Казённая палата гл. палата.
Казённая частка гл. частка.
Казённы дом гл. дом.
Ногі не казённыя гл. нага.
казёншчына, ‑ы, ж.
Разм. Бюракратычны падыход да чаго‑н.; фармалізм, бяздушнасць. Шамякін з усёй рашучасцю сцвярджае, што бяздушны фармалізм, казёншчына вытручваюць з чалавека ўсё жывое. Кучар.