Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бяска́рны, ‑ая, ‑ае.

Які застаўся без пакарання, не пакараны. Бяскарны ўчынак.

бяскве́ткавыя, ‑ых.

Расліны, у якіх не бывае кветак і насення і якія размнажаюцца спорамі; споравыя.

бяскла́савасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бяскласавага. У процілегласць буржуазным нацыяналістам — апалагетам бяскласавасці і беспартыйнасці — Купала паслядоўна праводзіў у сваёй творчасці прынцып рэвалюцыйна-дэмакратычнай партыйнасці. Івашын.

бяскла́савы, ‑ая, ‑ае.

Які не падзяляецца на грамадскія класы, не мае класаў. Бяскласавае камуністычнае грамадства.

бяско́лернасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бясколернага; адсутнасць колераў.

бяско́лерны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае колеру, не афарбаваны. Бясколерная вадкасць. □ Чысты алмаз бясколерны, з моцным бляскам, ён вельмі добра праводзіць электрычны ток. «Маладосць». // Выцвілы, невыразны. І цётка Палагея, не то любуючыся скопам, не то сваёй работай, усміхнулася Антону сваімі некалі сінімі, як васількі, а цяпер бясколернымі вачамі і ўсім сваім маршчыністым, але ззяючым прыемным тварам. Сіўцоў. // перан. Пазбаўлены яркіх рыс, нічым не адметны; невыразны. Мову бясколерную, розныя канцылярскія звароты і штампы прынеслі ў мастацкую літаратуру людзі абыякавыя і сумныя. Шкраба.

бяско́нны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Які не мае каня, коней. Бясконная гаспадарка. // Без каня. За надзел зямлі, які, вядома, таксама належаў пану, бацька Язэпкаў адрабляў паншчыны пяць дзён на тыдзень — тры дні з канём і два без каня. У бясконныя дні мужыка магла замяніць жонка ці хто іншы з сям’і. Якімовіч.

бяско́нцасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бясконцага.

бяско́нцы, ‑ая, ‑ае.

1. Бязмежны, бяскрайні, без канца і пачатку. Недзе ў бясконцым блакіце неба курлыкалі жураўлі. Гамолка.

2. Надзвычай доўгі, працяглы. Бясконцая прамова. Бясконцы шлях. Бясконцая ноч. □ [Вася:] — Я не спаў, добра памятаю, што не спаў, але сніў сны, бясконцыя, цяжкія, жудасныя. Шамякін. // Бесперапынны, няспынны. Бясконцым патокам у гумны Снапы залатыя плылі... Панчанка. // Які ніколі не канчаецца, не змаўкае, працяглы. З вышыні на зямлю лілася бясконцая песня нябачных жаваранкаў. Алешка.

3. Вельмі моцны, нязмерны па сіле праяўлення, па велічыні. У яго [Ляткоўскага] голасе была тая бясконцая радасць жыцця, якую толькі і можна выказаць песняй. Вітка.

4. Які маецца ў вялікай колькасці; шматлікі. Дзе б гэта магло быць? У Мінску? Ці ў адной з гэтых бясконцых вёсак, у якіх пабываў.. [Павел], крочачы па доўгіх франтавых дарогах? Васілёнак. Школа акуналася ў новае жыццё, поўнае бясконцых цікавых таямніц. Васілевіч.

бяско́рміца, ‑ы, ж.

Разм. Нястача, адсутнасць корму для жывёлы, птушак. [Леў Раманавіч:] — Не ведаю, можа цяпер з кармамі палепшае, кукурузу сеяць пачынаем, а то, брат, бывае такая бяскорміца, жах адзін. Асіпенка. [Гарлахвацкі:] З часам, калі.. корму станавілася ўсё менш і менш, буйнейшыя экземпляры [жывёлы] пачалі выміраць ад бяскорміцы. Крапіва.