Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

карэ́ньчык, ‑а, м.

Памянш. да корань (V 1 знач.).

карэспандава́ць, ‑дую, ‑дуеш, ‑дуе; незак.

1. з кім. Уст. Быць у перапісцы, перапісвацца.

2. Уст. Быць карэспандэнтам; накіроўваць карэспандэнцыю ў газету, часопіс і пад.

3. з чым. Кніжн. Адпавядаць чаму‑н., суадносіцца з чым‑н.

карэспандэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Літаратурны супрацоўнік газеты, часопіса, радыё, тэлебачання і іншых органаў інфармацыі, які дасылае ім звесткі пра бягучыя падзеі. Карэспандэнт радыё. □ Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх сталічных і правінцыяльных газет. Гартны.

2. Асоба ці ўстанова, якая перапісваецца з іншай асобай або ўстановай.

•••

Спецыяльны карэспандэнт — выязны карэспандэнт, які выконвае спецыяльныя даручэнні сваёй рэдакцыі.

Уласны карэспандэнт — карэспандэнт, які рэгулярна забяспечвае свой орган інфармацыяй, пастаянна працуючы і пражываючы ў іншым месцы.

Член-карэспандэнт гл. член.

[Ад лац. correspondere — паведамляць, інфармаваць.]

карэспандэ́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да карэспандэнт.

карэспандэ́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карэспандэнта, належыць яму. Карэспандэнцкі білет. Карэспандэнцкі блакнот. Карэспандэнцкі пункт.

карэспандэ́нцыя, ‑і, ж.

1. Паштовая перапіска паміж асобамі або ўстановамі. Весці карэспандэнцыю.

2. зб. Пісьмы, паштова-тэлеграфныя адпраўленні. Паштовай скрынкай .. я не карыстаўся, маючы шматгадовую звычку атрымліваць карэспандэнцыю на паштамт. Васілёнак. Народны суддзя Міхаіл Пятровіч Жураўлёў праглядаў карэспандэнцыю: дырэктывы, інструкцыі міністэрства юстыцыі, розныя скаргі. Капусцін.

3. Артыкул, паведамленне пра бягучыя падзеі, дасланыя ў газету або часопіс. Змясціць у газеце карэспандэнцыю. □ [Шынклер] робіцца рабкорам і карэспандэнцыі свае, поўныя запалу і непрымірымасці да таго, што перашкаджае савецкім людзям у іх рабоце, пасылае ў акруговую бабруйскую газету «Камуніст». Арабей. З Коўна Т. Корзан пісаў карэспандэнцыі ў герцэнаўскі «Колокол». Мальдзіс.

[Лац. correspondentia.]

карэ́та, ‑ы, ДМ ‑рэце, ж.

Закрыты з усіх бакоў чатырохколы конны экіпаж на рысорах. Зрэдку праносіліся памешчыцкія карэты, запрэжаныя ў тройкі або чацвёркі стаенных коней. Гартны. Папыхваючы люлькай, гаспадар залез у карэту, і — дзіва! — коні-ткі скранулі з месца і павезлі гэтую няўклюдную цяжкую штуку з такім ездаком у дадатак. Мікуліч.

•••

Карэта хуткай дапамогі (уст.) — аўтамабіль хуткай дапамогі.

(Прыйшоўся) як вол да карэты гл. вол.

[Польск. kareta.]

карэ́тачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карэткі (у 2 знач.). Карэтачны вузел веласіпеда.

карэ́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Памянш.-ласк. да карэта.

2. Рухомая частка некаторых механізмаў, машын, апаратаў. Карэтка пішучай машынкі.

карэ́тнік, ‑а, м.

Уст.

1. Майстар, які рабіў карэты, экіпажы.

2. Будынак для карэт.