Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

элеро́н, ‑а, м.

Спец. Рухомая паверхня канцоў крыл самалёта, якая служыць для ўстаранення крэну машыны пры гарызантальным палёце і паваротах у паветры. — Ведаеце вы, дзе ў самалёце трубка Што? — прыйшоў у сябе Каралёў. [Ахтан:] — Я дуцік магу паказаць... — І элероны? — Ахтан падняў галаву. Алешка.

[Фр. aileron ад aile — крыло.]

элефантыя́з і элефантыя́зіс, ‑у, м.

Спец. Слановая хвароба.

[Ад грэч. eléphas — слон.]

Элі́зіум, ‑а, м. (з вялікай літары).

1. У антычнай міфалогіі — месца, дзе знаходзяцца цені (душы памёршых) абраннікаў багоў.

2. перан. Уст. паэт. Рай.

[Лац. Elysium з грэч.]

элі́зія, ‑і, ж.

У мовазнаўстве — пропуск канцавога галоснага гука ў слове, калі наступнае слова пачынаецца з галоснага.

[Лац. elisio.]

эліксі́р, ‑у, м.

1. Выцяжка з раслін ці моцны настой на спірце, у кіслаце і пад., які ўжываецца ў медыцыне, касметыцы. Зубны эліксір. Мятны эліксір.

2. Жарт. Незвычайны, цудадзейны напітак.

•••

Жыццёвы эліксір — чарадзейны напітак, які імкнуліся атрымаць алхімікі для таго, каб захаваць маладосць, прадоўжыць жыццё.

[Фр. élixir з араб.]

элімінава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. элімінаваць.

элімінава́цца, ‑нуецца; незак.

Зал. да элімінаваць.

элімінава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак. і незак., што.

Зрабіць (рабіць) элімінацыю. Элімінаваць перашкоду. Элімінаваць невядомы член з ураўнення.

эліміна́цыя, ‑і, ж.

1. Кніжн. Выдаленне, ліквідацыя чаго‑н.

2. У матэматыцы — выключэнне невядомага з сістэмы ўраўненняў.

[Ад лац. elimināre — выганяць.]

э́лін,

гл. эліны.