Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

друкава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак.

1. Змяшчаць свае творы ў друку. Друкавацца ў газетах. □ Тады ж Парамон і пачаў друкавацца. Колькі ахвоты і задавальнення ён перажыў, калі ўбачыў упершыню надрукаванае. Грамовіч.

2. Зал. да друкаваць.

друкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што і без дап.

1. Адціскаць, выбіваць якія‑н. знакі (літары, лічбы, чарцяжы, малюнкі і пад.) на паперы з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў. // Выпускаць такім спосабам у свет; выдаваць. Друкаваць збор твораў Янкі Купалы. // Змяшчаць у друку. [Нічыпар:] Моцна вучоны чалавек. Кніжкі друкуе свае, студэнтам лекцыі чытае. Крапіва.

друка́р, ‑а, м.

Работнік друкарскай справы; паліграфіст.

друка́рня, ‑і, ж.

Прадпрыемства, у якім друкуюцца кнігі, газеты і іншыя выданні. Атрымаць кнігі з друкарні. □ Рэдактар чытаў толькі што прынесеныя з друкарні палосы заўтрашняга нумару газеты — гэта была яго штовячэрняя работа. Хадкевіч.

друка́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да друку ​1 (у 1 знач.). Друкарская справа. // Прызначаны для друкавання. Друкарскі станок. Друкарскі цэх. □ З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч.

друка́рства, ‑а, н.

Тэхнічны працэс друкавання тэксту на паперы. Узнікненне друкарства. // Выданне кніг. Развіццё друкарства.

дручо́к, ‑чка, м.

Разм. Памянш. да друк ​2; невялікі друк. Найбольш ураджайныя і надломленыя ветрам галіны былі падпёрты дручкамі. Кулакоўскі.

друшля́к, ‑а, м.

Кухонны коўш з дзірачкамі для працэджвання, прамывання чаго‑н.

[Ням. Durchschlag.]

дры́блінг, ‑у, м.

Вядзенне мяча або шайбы іграком. Закончыць дрыблінг. Майстэрскі дрыблінг.

[Англ. dribbling.]

дрывако́л, ‑а, м.

Спец. Цяжкі тапор з клінападобным лязом для колкі дроў; калун.