Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ка́ры 1, ‑ая, ‑ае.

Карычневы (пра колер вачэй). Роўненькі прабор валасоў здаваўся залацістым, карыя вочы былі колеру добра выспелай вішні. Дуброўскі. Саханюк быў хлопец сухарлявы, досыць высокага росту, меў даволі прыгожы твар, але малавыразныя, жаўтавата-карыя вочы яго крыху псавалі. Колас.

[Ад цюрк. кара — чорны.]

ка́ры 2, ‑аў; адз. няма.

1. Сані для перавозкі бярвення. Людзі.. вазілі дахаты бярвенне на карах, на звычайных санях. Бядуля. Два калгаснікі канём, запрэжаным у кароценькія, шырокія, як атопак, кары, вытралёўвалі бярвенне да дарогі. Дуброўскі.

2. Вялікія калёсы для перавозкі грузаў. Шэсць чалавек правілі кары: жніво і ўборка, з поля, былі блізка. Чорны. Увесь заямнінскі дзядзінец уставілі фурманкі: тут былі карэты, брычкі, вазы, кары. Пальчэўскі.

кары́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Бой тарэадора з быком (масавае відовішча ў Іспаніі і некаторых іншых краінах).

[Ісп. corrida.]

ка́рыес і карыёз, ‑у, м.

Запаленчы працэс у цвёрдай тканцы касцей, зубоў, які суправаджаецца гніеннем; кастаеда. Карыес зубоў.

[Лац. caries — гніенне.]

ка́рыесны і карыёзны, ‑ая, ‑ае.

Пашкоджаны карыесам, карыёзам. Карыесны зуб.

карыкату́ра, ‑ы, ж.

1. Малюнак, на якім хто‑н. або што‑н. намаляваны ў скажоным выглядзе для высмейвання. Моладзь тоўпілася перад газетай, жартавала з трапных карыкатур на Івана Гомана, на Радніка, на Гольдзіна. Шамякін. Пад карыкатурай, на якой быў намаляваны дзябёлы хлопец і каля яго малы, худзенькі юнак, стаяў подпіс: «Адгукнуўся на заклік». Арабей. // Пра сатырычны наказ з’яў рэчаіснасці ў іншых відах мастацтва, а таксама аб творах такога характару. Залішняя схільнасць да пераўвелічэння нарадзіла тут гратэск, які часам даходзіць аж да карыкатуры. Кучар.

2. перан. Смешнае, недасканалае падабенства да каго‑, чаго‑н. Можна і трэба даваць партыі тактычныя ўказанні і на выпадак перамогі, і на выпадак паражэння паўстання, і на выпадак склікання сапраўды ўстаноўчага схода рэвалюцыйным шляхам, і на выпадак склікання царом якой-небудзь карыкатуры на народнае прадстаўніцтва. Ленін.

карыкату́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць карыкатурнага.

карыкату́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да карыкатуры (у 1 знач.). Карыкатурны малюнак.

2. перан. Смешны, недарэчны. Мець карыкатурны выгляд.

карыкатуры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Мастак, які малюе карыкатуры.

карыкатуры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да карыкатурыст.

карына́, ‑ы, ж.

Разм. Кусок, абломак дрэвавай кары. На дрывотні, пад варыўнёй, хлыстала па бервяне тонкая сасновая карына. Пташнікаў. Лёнька вярнуўся ў курэнь і сеў выразаць з хваёвай карыны пісталет. Капыловіч.