карці́на, ‑ы, ж.
1. Твор станковага жывапісу, выкананы фарбамі на палатне, дошцы, паперы і інш. Пісаць карціну. Карціна І. Я. Рэпіна «Запарожцы». Выстаўка карцін.
2. перан. Тое, што можна бачыць або ўяўляць сабе ў канкрэтных вобразах. Прыгожыя карціны роднага беларускага пейзажу мільгалі адна за другой. Васілевіч. // Літаратурнае, вобразнае апісанне чаго‑н. Ніхто ні да Пушкіна, ні пасля яго не даў такой жывапіснай карціны Пецярбурга, як аўтар «Меднага конніка». Палітыка. Малюючы карціны бітваў Чырвонай Арміі з белапалякамі, напаўняючы гэтыя карціны рамантыкаю барацьбы, пісьменнік, аднак, не захапляецца толькі гэтым бокам падзей. Арабей. // Агульнае становішча чаго‑н. — Я раненька ў праўленне прыбег, усе дакументы па будаўніцтву — на стол: колькі збудавалі за гэтыя гады, колькі па планах трэба пабудаваць, колькі ёсць у нас на калгасныя патрэбы дошак, цвікоў — поўная карціна, адным словам. Савіцкі. [Камандуючы:] Вы павінны мець зусім ясную карціну абароны праціўніка. Крапіва.
3. Разм. Пра тое, што выклікае захапленне, здзіўленне сваёй незвычайнасцю. — А тут нашы самалёты — як бы іх знарок хто выклікаў. Адным словам — ка-а-рціна! Лынькоў.
4. Частка акта ў драматычным творы, якая патрабуе самастойнай дэкарацыі. Драма ў трох актах і пяці карцінах.
5. Разм. Кінакарціна, кінафільм. Ля кінатэатра стаяла вялікая чарга — ішла новая карціна. Асіпенка.
карці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да карціна (у 1–3 знач.).
карці́ннасць, ‑і, ж.
Якасць карціннага (у 2 знач.). Карціннасць абмалёўкі.
карці́нны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да карціны (у 1 знач.). Карцінная галерэя. Карцінная рамка.
2. перан. Ненатуральна прыгожы, жывапісны, як на карціне (у 1 знач.). Карцінны жэст. Карцінная поза.
карці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.
Састаўляць карту, наносіць на карту, звяраць карты. Карціраваць паверхню Ветры пры дапамозе радыёлакатараў.
ка́рцэр, ‑а, м.
Цёмнае і цеснае памяшканне для часовага адзіночнага зняволення (у турмах, канцлагерах і інш.). Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны... Васілевіч.
[Ад лац. carcer — турма.]
ка́рцэрны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карцэра. Карцэрны рэжым.
карчава́льнік, ‑а, м.
Машына для карчавання. Мы спыняемся перад машынай з магутнымі сківіцамі. — Гэта новы карчавальнік Д–695, — тлумачыць інжынер. В. Вольскі.
карчава́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да карчавання. Карчавальныя работы. // Прызначаны для карчавання. Карчавальная машына.
карчава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. карчаваць.