Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абы-калі́, прысл.

Усё роўна калі; ва ўсякі час, хоць калі.

абы-ко́лькі, займ. няпэўны.

Усё роўна колькі; колькі можна.

абы-куды́, прысл.

Куды папала, куды-небудзь. — Не бойся, — зласнавата адказаў Кушнерчык, — абы-куды не завяду! Кулакоўскі.

абы-хто́, абы-каго, займ. няпэўны.

1. Хто‑н., любы, хто папала, кожны. Быць блазнам, весяліць абы-каго, Якая невясёлая задача! Лойка.

2. (з адмоўем). Пра асобу, якая чым‑н. вылучаецца сярод іншых. [Старшыня калгаса:] — А вы думаеце, ён [Антось] сам абы-хто? Першакласны музыка і цясляр першай рукі. Чарнышэвіч.

абы-чы́й, абы-чыйго, займ. няпэўны.

Чый‑н., чый папала.

абы-што́, абы-чаго.

1. займ. няпэўны. Што‑н., што папала.

2. у знач. наз. Разм. неадабр. Непатрэбшчына, абсурд, глупства. — Пакінь гаварыць абы-што! — Пятро заўсёды быў спакойны і разважлівы. Новікаў. [Антон:] — Можа я пагаварыў табе абы-чаго? Ермаловіч.

абы-я́к, прысл.

Як папала, неахайна; нядбала. Калі дадаць да гэтага хату, абы-як складзеную з камення.., без даху, — дык гэта і будзе ўся гаспадарка Асана. Маўр.

абы-які́, ‑ая, ‑ое, займ. няпэўны.

1. Які-небудзь, які-папала. Абы-якая замінка ці маленькая няўпраўка,.. [Уладзімір Аляксеевіч] ужо там [на полі]. Пальчэўскі.

2. Разм. Звычайны, усякі. [Тамаш:] — Раней, дык я мог і ў абы-якіх ботах зімаваць. Чорны.

абэ́лтух, ‑а, м.

Абл. лаянк. Неразумны, някемлівы чалавек. [Кандрат:] — А як гэта можна, каб такое дзіцё ішло на вайну?.. Вось яно па віне такіх абэлтухаў, як я, суткі пратырчала на дзераве. Кулакоўскі. [Мартыневіч:] — А па мне дык задавіўся б ён [Халуста] са сваёй малатарняй... [Лявон:] — Бо ты дурны абэлтух! Чарнышэвіч.

абэ́рак, ‑рка, м.

Польскі народны танец, які выконваецца ў хуткім тэмпе. У польцы і абэрку.. [Ян Янавіч] таптаўся адзін, як вучоны мядзведзь. Брыль.

[Польск. oberek.]