абыхо́джанне, ‑я, н.
1. Выяўленне сваіх адносін, манера паводзін у дачыненні да каго‑н. Гэта быў дробны хлапчына, заўсёды вясёлы і просты ў абыходжанні. Брыль. Лабановіч пазіраў і проста цешыўся з яго [Анцыпіка] здольнасці ў справе абыходжання з жанчынамі. Колас.
2. Уменне карыстацца чым‑н. Выпрацоўваць у навучэнцаў навыкі ўмелага абыходжання з прыладамі вытворчасці.
абыхо́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; незак.
1. Незак. да абысціся.
2. Зал. да абыходзіць (у 1 знач.).
абыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
1. Незак. да абысці.
2. перан.; каго-што і без дап. Разм. Кранаць пачуцці, турбаваць, хваляваць. Пажары, страляніна па начах у горадзе — недзе рэзалі, недзе білі, а хто каго — Лукавіцына гэта не вельмі абыходзіла. Крапіва. Пісар Дулеба хоць трохі і прыціх, але ўсё яшчэ храбрыцца. І не пісарства дорага яму — пляваць ён хоча на яго і плюе, — яму абыходзіць самы прынцып: ну, што будзе, калі гэтыя сацыялісты возьмуць верх? Колас.
абыхо́длівасць, ж.
Уласцівасць абыходлівага.
абыхо́длівы, ‑ая, ‑ае.
Ветлівы, далікатны ў абыходжанні. Калі ўжо гаварыць аб ёй, дык усюды, дзе ні пабывала Марына, яна была самай абыходлівай і ласкавай сярод медсясцёр. Грамовіч. Гэта быў чалавек гадоў сарака, далікатны і абыходлівы. Колас.
абыча́й, ‑ю, м.
Тое, што і звычай. Пераважна ў прыказках і прымаўках: Што край — то абычай. Кожны край мае свой абычай. Не пазычай: пазычай — злы абычай.
абыя́кавасць, ‑і, ж.
Адсутнасць цікавасці да каго‑, чаго‑н. Нават у найбольш слабых творах Чорнага няма іменна аднаго — абыякавасці да жыцця. Адамовіч. Не задавальняюць чытача творы, напісаныя з недаравальнай абыякавасцю да слова. Юрэвіч. // Раўнадушнасць да навакольнага наогул. Уражлівую душу [Тапурыя] ахапіла нейкая здранцвелая абыякавасць. Самуйлёнак.
абыя́кавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які не выяўляе ніякай цікавасці да каго‑, чаго‑н. [Люба] глядзела ў вочы гэтаму чалавеку, абыякаваму да яе, і нават каб ён пачаў яе абсмейваць, яна б магла выпрошваць у яго рады. Чорны. Адзін толькі Янка заставаўся абыякавым у дачыненні рыбы: ён не пазнаў яшчэ асалоды ў лоўлі сеткаю-таптухаю. Колас. // Раўнадушны да навакольнага наогул. [Мікола Пышко:] — Толькі абыякавы чалавек можа кінуць пачатую справу, не скончыўшы яе. Грахоўскі. Пі ён сам пра сябе, ні другія пра яго не маглі і не могуць сказаць, што чалавек ён абыякавы, марудны, раўнадушны. Нельга так сказаць пра Андрэя Сцяпанавіча Лазарэку. Бялевіч. // Які выяўляе раўнадушнасць. Абыякавы выгляд. Абыякавы тон. □ Чакалі наступнага дня. Некаторыя з трывогай, — што будзе? Другія з абыякавым настроем: што будзе, то будзе. Галавач.
2. Які не выклікае да сябе цікавасці. І ўсё стала абыякава для.. [Сашы], нішто яе больш не цікавіла, не магло запаліць. Шамякін.
абы-дзе́, прысл.
Дзе ўздумаецца, дзе папала. [Аўдоцця Раманаўна:] — Вядома, сустракаюцца людзі, якія не пасаромеюцца абы-дзе кінуць акурак альбо паперку. Паслядовіч. Каму з бацькоў не прыемна, што яго дзіця.. не бадзяецца абы-дзе. Ваданосаў.