абшы́ўка, ‑і, ДМ ‑шыўцы; Р мн. ‑шывак; ж.
Тое, чым абшыта што‑н. Футравая абшыўка. □ Як толькі вусаты ўбачыў Зосю, адразу ж забарабаніў у абшыўку машыны. Асіпенка.
абшы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., каго-што, чым.
1. Прышыць (галун, футру і пад.) па краях чаго‑н., аблямаваць. Абшыць паліто футрам. // Абкідаць швы ў чым‑н.
2. Абабіць усю паверхню дошкамі, лістамі бляхі і пад. Рабочыя паставілі каркас, абшылі яго плітамі, накрылі дах, і праз пяць дзён на будаўнічай пляцоўцы ўжо ўзвышаўся новы прыгожы дом. «Звязда». Сяк-так звязаць жэрдкі.. [Манг] паспеў праз тры дні, але засталося самае галоўнае: абшыць іх. Маўр. // Нашыўшы (матэрыю, скуру і пад.), абцягнуць. Абшыць пасылку.
3. Пашыць усё неабходнае для каго‑н. Трэба абмыць і абшыць сям’ю, а вечарам аж да поўначы — прасніца, пад вясну — кросны. Чарнышэвіч.
абшэ́рхлы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Крыху абсохлы, зацвярдзелы (пра зямлю, гразь).
абшэ́рхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Разм. Крыху прасохнуць, абсохнуць зверху, зацвярдзець (пра зямлю, гразь).
абшэ́ўка, ‑і, ДМ ‑шэўцы; Р мн. ‑шэвак; ж.
Ніжняя прышыўная частка ў адзенні, адварот.
абы́ 1, злучнік.
1. умоўны. Далучае ўмоўныя даданыя сказы з дапушчальна-абмежавальным адценнем. Ужываецца пераважна ў спалучэнні з часціцай «толькі». Пасля дажджу бывае ясна, і мокрыя плечы высахнуць адразу, абы толькі замест дажджавых кропель на чалавека не падалі кулі або каменне. Чорны. [Саша] усё будзе ведаць: мае ўчынкі, думкі, абы вярнулася наша шчасце. Шамякін.
2. мэтавы. Далучае даданыя сказы са значэннем мэты, якое ўскладняецца абмежавальна-паясняльным адценнем. [Дзямід Сыч:] — Ты зрабіўся вельмі добры, Мікалай Лявонавіч. Ты хочаш прымірыць усіх, абы ціха было. Паслядовіч. Нехта іграе на раллі, барабанячы як папала, абы мацней гуло. Скрыган.
3. часавы. Разм. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі часу, калі падзеі, пра якія гаворыцца ў галоўнай частцы, пачынаюцца адразу пасля падзей, адзначаных у даданай частцы; адпавядае злучнікам «толькі», «як толькі». Абы вольная хвіліна, то яе [Міхаліны] ужо ў хаце няма. Чарнышэвіч. [Юрка Пятровіч:] — Бачыце самі — абы кашляць, дык і ў плач. Брыль.
абы́ 2, часціца.
Надае значэнне непаўнацэннасці дзеянню, прадмету, паслабляе патрабаванні да дзеяння, прадмета. Абы сказаць. □ [Новікаў:] — Мозг не хоча адпачываць. Яму абы чым, але заняцца. М. Ткачоў. [Слімак:] — Ціхі я чалавек, непрыкметны. Мне дзень абы пражыць, і дзякуй богу. Лынькоў. // Ужываецца ў сказах, якія выражаюць нежаданне чаго‑н. [Хлапчук:] — А папу напляваць, жывыя вы ці мёртвыя. Яму абы грошы! Бажко.
•••
Абы дзень да вечара гл. дзень.
Абы з рук гл. рука.
абыва́цель, ‑я, м.
1. Уст. Сталы жыхар якой‑н. мясцовасці. Так Сяргей Пятровіч зрабіўся абывацелем горада Сярдзечанска. Сяргейчык.
2. Чалавек, які жыве дробнымі, вузкаасабістымі інтарэсамі. Ёсць ціхае шчасце абывацеля і эгаіста, калі ён плюе на ўсё на свеце, абы яму добра было. Хадкевіч. Пакутных думак чарвякі Мазгі расточваюць парой: Ды хто ж, урэшце, я такі? Ці абывацель, ці герой? Крапіва.
абыва́целька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Жан. да абывацель.
абыва́цельскі, ‑ая, ‑ае.
1. Уст. Які мае адносіны да абывацеля (у 1 знач.).
2. Які мае адносіны да абывацеля (у 2 знач.), характарызуецца адсутнасцю зацікаўленасці да грамадскага жыцця. [Галубовіч:] — А вось Лявонік — у ім я не ўпэўнены. Першае выпрабаванне, першая бура.. адвярнулі яго ад рэвалюцыі, ад народа, ён будзе шукаць у далейшым спакою і абывацельскага прытулку. Колас.
абыва́цельшчына, ‑ы, ж.
Адсутнасць грамадскага кругагляду, вузкасць інтарэсаў, коснасць. Трапіць у балота абывацельшчыны.