Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзяўба́цца, ‑аецца; незак.

Разм. Тое, што і дзяўбціся.

дзяўба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

Тое, што і дзяўбці. Дзяўбаць корм. Дзяўбаць кіркамі мёрзлую зямлю. □ Хведару даручылі не абы-якую справу: часаць шулы, дзяўбаць пазы па абодва бакі шулаў. Мележ. На Заранскім пункце агляду вагонаў здаўна павялося, што калі ўжо нападуць на чалавека, дык адчэпяцца не хутка. Дзень дзяўбаць будуць, два дні, ды на трэці яшчэ застанецца. Васілёнак.

дзяўбці́, дзяўбу, дзяўбеш, дзяўбе; дзяўбём, дзеўбяце, дзяўбуць; пр. дзёўб, дзяўбла, дзяўбло; заг. дзяўбі; незак., каго-што.

1. Есці, хапаючы ежу дзюбай (пра птушак). Каля дарогі шпацыравалі вароны, нешта дзяўблі ў каляінах і зусім не палохаліся фурманкі. Чорны. Галубы цэлы дзень нічога не елі, але на другі дзень пачалі патроху дзяўбці хлебныя крошкі і піць ваду. Навуменка.

2. Біць, удараць дзюбай. Куры хваталі ежу і з зайздрасцю дзяўблі адна адну ў галаву. Чорны. Крумкач выдру дзюбаю дзяўбе, а выдра крумкача зубамі грызе. Якімовіч. // Разм. Біць, стукаць чым‑н. вострым. Узяліся дружна салдаты і ну дзяўбці слупам у дзверы. Лынькоў.

3. Паслядоўнымі частымі ўдарамі па чым‑н. рабіць паглыбленне, адтуліну. На ўзлессі дзяцел гулка дзёўб кару. Куляшоў. Дзяўблі ломам, секлі мёрзлую зямлю сякерай. Шамякін. // Вырабляць што‑н. дзяўбаннем, выдзёўбваннем. Дзяўбці долатам паз. □ Дзяды дзяўбуць ночвы ці выразаюць лыжкі. Брыль.

4. перан. Разм. Бесперапынна гаварыць, паўтараць адно і тое. — Ты яму пра вяселле гавары. Няхай жэніцца. Ты яму штодзень дзяўбі пра гэта. Чарнышэвіч. Што каму наўме, той тое і дзяўбе. Прыказка.

5. перан. Даймаць папрокамі, нападкамі. — Думаеце, так ужо і скінуць Галушкіна. Яго не ў першы раз дзяўбуць. І ўсё сухім з вады выходзіць. Гурскі.

дзяўбці́ся, ‑бецца; пр. дзёўбся, дзяўблася, ‑лося; незак.

1. Разм. Мець звычай, прывычку біцца дзюбай (пра птушак). — Гляньце, гляньце, — наш дроздзік дзяўбецца. Сіпакоў.

2. Дзяўбці адзін аднаго. Два пеўні дзяўбуцца.

3. Зал. да дзяўбці.

дзя́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і цяўкаць. Недзе злева басавіта дзяўкае сабака і сціхае. С. Александровіч. Дарэмна дзяўкае Карпусь, дарэмна кпіць з іхняй работы. Баранавых.

дзяўча́ткі, ‑так; адз. няма.

Разм. Ласк. да дзяўчаты (гл. дзяўчына). Твараў дзяўчатак-рахункаводаў Собіч не мог разабраць — на ўсіх іх ляжаў нейкі агульны цень перапалоху. Скрыган. Хлопцы і нават дзяўчаткі хіхікалі і круціліся на партах. Брыль.

дзяўча́ты,

гл. дзяўчына.

дзяўчо́, ‑чаці, н.

Разм. Дзяўчына-падлетак. Прыйшло са школы-інтэрната шаснаццацігадовае дзяўчо. «Работніца і сялянка». [У кожнай] хаце За вымытым блакітам рам Расце па добраму дзяўчаці — Галовы ўскружваць юнакам. Лойка.

дзяўчы́на, ‑ы; мн. дзяўчаты, ‑чат і (з ліч.) дзяўчыны, ‑чын; ж.

Паўналетняя незамужняя жанчына. Дзве дзяўчыны. □ Жаніўся Мартын, узяў сінявокую Грабарову Еву, сталую зграбную дзяўчыну і разумную. Колас. Бегаюць адна за адной дзяўчаты, умаўляюцца — куды збірацца гуляць. Мурашка. Чым дзяўчына стражэйшая, тым яна прыгажэйшая і даражэйшая. З нар.

дзяўчы́начка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Нар.-паэт. Ласк. да дзяўчына.