дзяўбці́, дзяўбу, дзяўбеш, дзяўбе; дзяўбём, дзеўбяце, дзяўбуць; пр. дзёўб, дзяўбла, дзяўбло; заг. дзяўбі; незак., каго-што.
1. Есці, хапаючы ежу дзюбай (пра птушак). Каля дарогі шпацыравалі вароны, нешта дзяўблі ў каляінах і зусім не палохаліся фурманкі. Чорны. Галубы цэлы дзень нічога не елі, але на другі дзень пачалі патроху дзяўбці хлебныя крошкі і піць ваду. Навуменка.
2. Біць, удараць дзюбай. Куры хваталі ежу і з зайздрасцю дзяўблі адна адну ў галаву. Чорны. Крумкач выдру дзюбаю дзяўбе, а выдра крумкача зубамі грызе. Якімовіч. // Разм. Біць, стукаць чым‑н. вострым. Узяліся дружна салдаты і ну дзяўбці слупам у дзверы. Лынькоў.
3. Паслядоўнымі частымі ўдарамі па чым‑н. рабіць паглыбленне, адтуліну. На ўзлессі дзяцел гулка дзёўб кару. Куляшоў. Дзяўблі ломам, секлі мёрзлую зямлю сякерай. Шамякін. // Вырабляць што‑н. дзяўбаннем, выдзёўбваннем. Дзяўбці долатам паз. □ Дзяды дзяўбуць ночвы ці выразаюць лыжкі. Брыль.
4. перан. Разм. Бесперапынна гаварыць, паўтараць адно і тое. — Ты яму пра вяселле гавары. Няхай жэніцца. Ты яму штодзень дзяўбі пра гэта. Чарнышэвіч. Што каму наўме, той тое і дзяўбе. Прыказка.
5. перан. Даймаць папрокамі, нападкамі. — Думаеце, так ужо і скінуць Галушкіна. Яго не ў першы раз дзяўбуць. І ўсё сухім з вады выходзіць. Гурскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)