Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

электрыфікава́цца, ‑куецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) электрыфікаваным.

2. толькі незак. Зал. да электрыфікаваць.

электрыфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., што.

Правесці (праводзіць) электрыфікацыю. Ехаў.. [старшыня калгаса] ў абласны цэнтр па неадкладнай справе: гаспадарку трэба электрыфікаваць. Новікаў.

электрыфіка́тар, ‑а, м.

Той, хто праводзіць электрыфікацыю. З кватэры санітара вочы пана Тарбецкага зірнулі на вокны другога кватаранта, санітаравага суседа, электрыфікатара. Колас.

электрыфіка́цыя, ‑і, ж.

Прымяненне электрычнай энергіі ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі, вытворчасці і ў быце ў якасці асноўнага віду энергіі. Камунізм ёсць Савецкая ўлада плюс электрыфікацыя ўсёй краіны, бо без электрыфікацыі ўзняць прамысловасць немагчыма. Ленін. // Перавод чаго‑н. на электрычную энергію. Электрыфікацыя чыгуначных ліній.

электры́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Разм.

1. Электрычная чыгунка.

2. Поезд такой чыгункі. Спазніцца на электрычку. □ Да перона, нібы віхор, падляцела электрычка. Васілёнак.

электры́чнасць, ‑і, ж.

1. Форма матэрыі, якая складаецца з зараджаных часціц: электронаў, пазітронаў, пратонаў і пад. Тут жа, у лабараторыі, на спецыяльнай устаноўцы займаюцца вывучэннем атмасфернай электрычнасці. «Маладосць». // Раздзел фізікі, які вывучае электрычныя з’явы. Даследаванні ў галіне электрычнасці.

2. Такая форма энергіі, якая выкарыстоўваецца ў народнагаспадарчых і бытавых мэтах. Электрычнасць прымушае працаваць станкі, рухае паязды і электракары, плавіць метал, лечыць хворых, доіць кароў, стрыжэ авечак. Рунец.

3. Асвятленне, якое атрымліваецца ад электраэнергіі. Стася ўключыла электрычнасць, і я разгледзеў лейтэнанта ўважлівей. Навуменка.

[Ад грэч. ēlektron — янтар.]

электры́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да электрычнасці. Электрычны зарад. Электрычнае поле. □ Для награвання газу ў камеры выкарыстоўваецца электрычны разрад выключнай магутнасці. «Маладосць». // перан. Нечаканы і моцны. Праняла электрычная дрож, Бацька сціснуў нервова нож І крануўся ісці да дзвярэй. Глебка.

2. Які праводзіць, дае электрычнасць. Электрычная батарэя. Электрычны акумулятар. □ Электрычная станцыя — не навіна, Сёння шмат іх па рэках стаіць, не адна. Куляшоў. // Звязаны з перадачай электраэнергіі, з яе рухам. Для таго, каб не парушыць электрычнай праводкі школьнага званка, паралельна яго выключальніку падключаюць электрычную разетку і замацоўваюць яе непасрэдна пад выключальнікам. «Маладосць».

3. Які дзейнічае пры дапамозе электрычнасці. Электрычны матор. Электрычная печ. □ Завод яшчэ стаяў, калі Рыгор увайшоў у майстэрні: не рухалі нядаўна спыненыя начною зменаю варштаты, не шыпелі разцы і зубілы, не ляскала электрычная тачылка. Гартны.

4. Які служыць для вырабу апаратуры, машын і пад., што працуюць на электрычнасці. Электрычная прамысловасць.

5. Звязаны з выкарыстаннем электраэнергіі. Электрычныя метады разведкі каштоўных выкапняў.

6. Які мае орган, што ўтварае разрады электрычнасці (пра рыб). Электрычны скат. Электрычны вугор.

•••

Электрычная дуга гл. дуга.

Электрычная іскра гл. іскра.

Электрычная лямпа гл. лямпа.

Электрычны імпульс гл. імпульс.

Электрычны стул — у ЗША — прыстасаванне для выканання смяротнага прыгавору пры дапамозе электрычнага току высокага напружання.

элеме́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. У старагрэчаскіх філосафаў-матэрыялістаў — адна з асноўных састаўных частак прыроды (агонь, вада, паветра, зямля), якія ляжаць у аснове ўсіх з’яў і рэчаў; стыхія.

2. толькі мн. (элеме́нты, ‑аў). Кніжн. Асновы, пачатак чаго‑н. Элементы матэматыкі. □ З цяжкасцю і недаверам успрымалі яны [сяляне] элементы палітычных ведаў ад рэвалюцыянераў-інтэлігентаў. Г. Кісялёў.

3. Простае рэчыва, якое хімічна ўжо нельга далей раскласці на больш дробныя часткі. Не так даўно з дапамогай навейшых спосабаў спектральнага аналізу ў складзе зорак знойдзен новы хімічны элемент тэхнецый. Матрунёнак.

4. Састаўная частка чаго‑н. цэлага. Значная колькасць іншамоўных лексічных элементаў у беларускай мове заўважана была яшчэ старажытнымі вучонымі. Жураўскі. Народная творчасць стала істотным элементам стылю, паэтыкі Купалы, увайшла ў мастацкую тканіну яго твораў. Івашын. У садах і парках растуць і розныя хмызнякі. У спалучэнні з дрэвамі яны з’яўляюцца галоўным дэкаратыўным элементам гарадскіх лесанасаджэнняў. Гавеман. // Асаблівасці характэрная рыса чаго‑н. Прыгодпіцкі элемент не адыгрывае ў гэтым творы [«Амок»] галоўнай.. ролі. «Полымя». Характэрна, што ў зборніку «Урачыстыя дні» заўважаецца прыкметнае ўзмацненне публіцыстычных элементаў. Гіст. бел. сав. літ. // Спец. Дэталь якога‑н. збудавання, механізма, прыстасавання. Элементы рухавіка. □ Адным з вельмі важных элементаў першых радыёпрыёмнікаў быў так званы крышталічны дэкатар. «Беларусь».

5. зб. або толькі мн. (элеме́нты, ‑аў); з азначэннем. Прадстаўнікі якога‑н. асяроддзя, грамадства. Прагрэсіўныя элементы грамадства. Контррэвалюцыйныя элементы. □ Кожнаму марксісту даўно вядома тая ісціна, што рашаючымі сіламі ва ўсякім капіталістычным грамадстве могуць быць толькі пралетарыят і буржуазія, у той час як усе сацыяльныя элементы.. непазбежна хістаюцца паміж гэтымі рашаючымі сіламі. Ленін. Няма чаго і казаць, што ўсе гэтыя прапаведнікі былі настолькі ж далёкія ад перадавых, рэвалюцыйна-дэмакратычных элементаў грамадства, наколькі, скажам, далёкі батрак ад абшарніка. Майхровіч.

6. з азначэннем. Разм. Чалавек, асоба. [Бацька:] — Гэта [тонфільм] — ужо не навінка тэхнікі, і толькі такі, як ты [Люся], адсталы элемент не ведае падобных рэчаў. Брыль. // Іран. Пра дрэннага ці шкоднага чалавека. [Волечка:] — Косця табе не які-небудзь элемент. Ён франты прайшоў. Чорны.

7. Прыбор, які выдзяляе электрычны ток, што ўтвараецца за кошт хімічных працэсаў. Сухі элемент. Гальванічны элемент.

•••

Перыядычная сістэма элементаў гл. сістэма.

Рэдказямельныя элементы — група металаў, большасць якіх знаходзіцца ў зямной кары ў вельмі невялікай колькасці і з цяжкасцю вылучаецца ў чыстым выглядзе.

Цеплавыдзяляльны элемент — стрыжань з ядзерным палівам, які з’яўляецца крыніцай цяпла ў ядзерным рэактары.

[Ад лац. elementum — стыхія, першапачатковае рэчыва.]

элемента́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць элементарнага. Элементарнасць паняццяў.

элемента́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Пачатковы, які датычыцца толькі асноў чаго‑н. Элементарная матэматыка. □ — Каб вы [Андрэй] пазнаёміліся, ну, хоць бы з самымі элементарнымі асновамі палітграматы, вы зусім іначай глядзелі б на папоў і на іх шкодную для працоўных прафесію, — заўважыў Кузьма. Колас. Элементарную тэорыю музыкі ўсе абітурыенты павінны ведаць не ніжэй праграмы дзіцячай музычнай школы. «Маладосць».

2. Нескладаны, прасцейшы. Я не разумеў, ды, мусіць, і рэдактар таксама не разумеў, бо мы перакінуліся позіркамі, навошта гэта сакратар гаркома кінуўся ў такія тэарэтычныя разважанні, быццам перад ім сядзелі якія невукі, якіх ён павінен быў, лічыў сваім абавязкам навучыць, растлумачыць ім самыя элементарныя палітычныя пытанні. Сабаленка. // Павярхоўны, спрошчаны; абмежаваны. Элементарны погляд на рэчы. Элементарная схема. // Зразумелы кожнаму без тлумачэнне. Адна бяда аўтара ў тым, што ягонаму герою часам не стае элементарнай тактоўнасці. Марціновіч. — Толькі за прыгажосць! Бач, які шчасліўчык, — неадабральна смяецца Марынчук. — Ніякай элементарнай логікі... Ракітны. / у знач. наз. элемента́рнае, ‑ага, н. Неабходна пачынаць работу над сабой з элементарнага. Асіпенка.

3. Асноўны, самы неабходны. Паэт [Я. Купала] паказвае жудасную бытавую прыніжанасць сялянства, пазбаўленага элементарных правоў, даведзенага да становішча жывёлы. Івашын.

4. У хіміі — звязаны з вызначэннем саставу элементаў у чым‑н. і іх суадносін паміж сабою. Элементарны аналіз. Элементарны састаў рэчыва.

5. У фізіцы — найменшы з тых, што існуюць, што ёсць. Элементарныя часціцы. Элементарны зарад.

[Ад лац. elementārius.]