кажу́х, ‑а, М ‑жусе, м.
1. Доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын. Абодва [дзяды] былі ў доўгіх кажухах і нават пры рукавіцах: вясна вясной, а ноччу яшчэ ўсяго можа быць. Кулакоўскі. Міхась скінуў кажух, вывернуў уверх шэрсцю і накінуў на сябе. Колас.
2. Пакрыцце, футляр з жалеза, цэглы, дрэва і пад. для ізаляцыі або засцярогі збудаванняў, механізмаў ці іх частак. Металічны кажух. Кажух кулямёта.
ка́жучы,
Дзеепрысл. незак. ад казаць.
•••
Інакш кажучы (у знач. пабочн.) — іншымі словамі.
Карацей кажучы (у знач. пабочн.) — коратка, без падрабязнасцей, сцісла.
Між (паміж) намі кажучы — тое, што і між (паміж) намі (гл. мы).
Мякка кажучы (у знач. пабочн.) — ужываецца як напамін пра тое, што гаворачая асоба знарок пазбягае рэзкіх слоў аб кім‑, чым‑н.
Не тут кажучы (казана) (у знач. пабочн.) — выражае пажаданне, каб тое непрыемнае, пра што ідзе размова, мінала ўдзельнікаў гутаркі.
Няўрокам кажучы (у знач. пабочн.) — каб не сурочыць.
Па праўдзе кажучы (сказаць); праўду кажучы (сказаць) (у знач. пабочн.) — гаварыць шчыра, адкрыта.
Уласна кажучы (у знач. пабочн.) — па сутнасці.
кажу́шнік, ‑а, м.
Разм. Кравец, які шые кажухі.
кажу́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да кажуха (у 1 знач.). Кажушная латка.
2. Зроблены з кажуха або з аўчыны. Кажушныя рукавіцы. □ Ляпнула клямка, з дзвярэй выйшаў ускудлачаны стары ў палатняных сподніках і ў кажушнай камізэльцы. Грахоўскі.
кажушо́к, ‑шка, м.
Памянш. да кажух; кароткі кажух. Стары пацёрты кажушок, у якім ён хадзіў калісьці яшчэ каля клетак з мядзведзямі, быў даволі дрэнным і ненадзейным абаронцам ад холаду. В. Вольскі.
каза́, ‑ы́; мн. ко́зы (з ліч. 2, 3, 4 казы́), коз; ж.
1. Невялікая парнакапытная жвачная жывёліна (свойская і дзікая) сямейства пустарогіх; самка казла. Дзікая каза. Каза з казлянятамі. □ У Самабыля ёсць розная жыўнасць: куры, трое парасят, дзве казы і трусы. Колас.
2. Разм. Двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань. Варанецкі ішоў, лёгка ўскідваючы доўгія ножкі «казы» — вялікага драўлянага цыркуля. Дуброўскі. Максім узяў ад Дзяніса «казу» і пачаў перамяраць. Капусцін.
3. Уст. Заплечныя насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве. Паложаць чалавеку дзесяць цаглін на «казу», прыгнецца ён, каб трывалей ляжала прылада на плячах з грузамі. Пальчэўскі. Па хісткіх рыпучых лесвіцах, на вышыню дзесятага паверха насілі муляры цэглу на «казе». «ЛіМ».
4. Даўнейшы беларускі калядны абрад.
•••
Ангорская каза — каштоўная шэрсная парода коз з паўтонкай моцнай белай шэрсцю.
Абадраць як сідараву казу гл. абадраць.
Адстаўной казы барабаншчык гл. барабаншчык.
Дзе і Макар коз не пасе гл. дзе.
Козамі сена травіць гл. травіць.
Лупіць як сідараву казу гл. лупіць.
казадо́й, ‑я, м.
Начная насякомаедная птушка з кароткай дзюбай і вялікім ротам. Казадой ляціць мякка і плаўна, бясшумна, як кажан. В. Вольскі. Пад Закалюжжам, там, на Ваўкаўні, гукалі совы; крычаў, аж стагнаў, казадой — птушка начы. Пташнікаў.
каза́к 1, казака і казака; мн. казакі, ‑коў і казакі, ‑аў; м.
1. На Русі ў 15–17 стст. вольны чалавек з прыгонных сялян, халопаў, гарадской беднаты, якія ўцякалі на ўскраіны дзяржавы — Дон, Запарожжа, Яік. Запарожскія казакі. □ Большая частка казакоў складалася з былых прыгонных сялян, якія ўцякалі на Украіну і паўднёвыя вобласці Беларусі ад прыгоннай няволі. «Беларусь».
2. У дарэвалюцыйнай Расіі з 18 ст. — прадстаўнік ваеннага саслоўя — ураджэнец вайсковых абласцей (Кубанскай, Арэнбургскай, войска Данскога і інш.), які быў абавязан несці службу ў асобых вайсковых часцях за льготнае карыстанне зямлёй. Данскія казакі. // Радавы асобых (звычайна кавалерыйскіх) вайсковых часцей, якія камплектаваліся з ураджэнцаў вайсковых абласцей. У вёсцы трывога: прыехаў земскі з казакамі. Якімовіч.
3. Ураджэнец некаторых (былых вайсковых) абласцей СССР.
4. перан. Пра спрытнага, маладога мужчыну. — Па-нашаму было гэтак, — хто хлопец хлёсткі і смелы, той і казак. Брыль.
•••
Вольны казак — пра свабоднага чалавека, які ні ад каго не залежыць.
[Ад цюрк. казак — вольны чалавек.]
каза́к 2, ‑а, м.
Тое, што і казачок (у 3 знач.). Разгарнуў Грамыка полы, Казака йдзе сам-адзін. Колас.
казакава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
Быць казаком, весці вольнае жыццё казака. // Паводзіць сябе зухавата, смела, рызыкуючы жыццём. — А заўтра я цябе да цешчы на хутар завяду. Спакайней там. Чалавек ты пар[ты]йны, і не варта вось так казакаваць перад немцамі. Асіпенка.