Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бярды́ш, бердыша, м.

Старадаўняя халодная зброя — баявая сякера ў форме паўмесяца на доўгім дрэўку.

бярло́г, берлагу, м.

Зімовае логава мядзведзя. У спешцы ж пад бярлог [мядзведзь] Мясціну падабраў благую. Корбан. // Свіное логава. У адным хляве і берлагу І нават ад адной свінні Радзіліся яны — Адзін Руды, другі Падласы. Крапіва. // Разм. іран. Жыллё. [Віктар] — Казакі прыехалі не дзезерціраў лавіць, а пані Відацкае бярлог сцерагчы. Лобан. // Разм. Неакуратная, непрыбраная пасцель. Распарола мой сяннік ты, Развярнула мой бярлог. Колас.

бярло́га, ‑і, ДМ ‑лозе, ж.

Тое, што і бярлог.

бярло́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бярлогі. Бярложны мядзведзь.

бярно́, ‑а; мн. бёрны, ‑аў; н.

Абл. Бервяно. [Сотнікаў] узяў цёплую, падгарэлую з аднаго боку бульбіну і прываліўся плячыма да беленых бёрнаў сцяны. Быкаў.

бяро́за, ‑ы, ж.

1. Лісцевае дрэва сямейства бярозавых з белай карой. Расчасаўшы пругкім ветрам косы, Спаласнуўшы ногі у расе, Залатагаловыя бярозы Паўстаюць ва ўсёй сваёй красе. Аўрамчык. Пад сонцам грэліся бярозы У белым тонкім палатне. Бядуля. / у знач. зб. Сярод іншых дрэў тут пераважала бяроза. Шашкоў.

2. толькі адз. Драўніна гэтага дрэва; матэрыял. Ці ж можна словамі перадаць, як Даніла падбіраў клён, бярозу, дуб, асіну на цабэркі, вёдры, начоўкі і лыжкі? Бядуля.

•••

Карэльская бяроза — від бярозы з прыгожай узорыстай драўнінай на зрэзе.

бяро́завік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Бярозавы сок. Нахіліўшыся да нязграбнага асінавага карытца, .. [дзяўчына] чэрпае насатым кубкам халодны бярозавік, маленькімі глыткамі п’е салодкі сок. Стаховіч. Помню: ледзь канчаліся марозы, З выраю вярталіся шпакі, Мы гурбою беглі да бярозы Ставіць пад бярозавік латкі. Гаўрусёў.

2. ‑а. Тое, што і падбярозавік.

бяро́завы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да бярозы. Я ведаю вёску адну за Дзвіною, З бярозавым гаем злілася вясною, У студзень і ліпень, у дождж і марозы — За ціхаю вёскай бялеюць бярозы. Вярба. // Зроблены з бярозы. Бярозавая бочка. Бярозавы венік.

2. у знач. наз. бяро́завыя, ‑ых. Сямейства раслін, да якога адносяцца бяроза, алешына, граб і інш.

•••

Бярозавая каша гл. каша.

бяро́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.

1. Памянш. да бяроза; невялікая бяроза.

2. Травяністая расліна сямейства бярозкавых з белымі ці ружовымі кветкамі і павойным сцяблом. Сашнік лёгка шчоўкнуў у мяккі грунт, пераплецены паўзучай бярозкай і хвашчом, падобным на маладыя елачкі. Якімовіч. [Дзяўчаты] хутка пасоўваліся па баразёнках, завіхаючыся з капаніцамі і выбіраючы рукамі свірэпку, пырнік, завілістую бярозку з ружовымі і белымі кветкамі. Лынькоў.

бяро́ста, ‑ы, ДМ ‑сце, ж.

Верхні белы слой бярозавай кары. [Бародка] стаяў на каленях і шчапаў з тоўстага сасновага палена лучыну, клаў яе ў пліту, пасля з бярозавага кругляка абдзёр бяросту, падпаліў. Шамякін. Дзед Ігнат аплёў пасудзіну бяростай, прызнаў да яе драўлянае вечка, засмаліў па краях жывіцай. Васілевіч.