бру́дна,
1. Прысл. да брудны.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць бруду дзе‑н.
бруднава́ты, ‑ая, ‑ае.
Крыху брудны. Бруднаватая падлога.
бру́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Нячысты, нямыты, з прыкметнымі слядамі пылу, бруду на паверхні. Склеп быў нізкі, вільготны, з прапыленымі, бруднымі сценамі. Лынькоў. Уздыхае барадаты, а потым ідзе назад у сенцы, цяжка ступаючы бруднымі патрэсканымі нагамі па гладкай, як ток, зямлі. Мурашка. Старая выцягнула са свайго падгалоўя брудную, працёртую на спіне кашулю. Брыль. / у знач. наз. бру́днае, ‑ага, н. Да чыстага бруднае не прыстае. Прымаўка. // Непрыбраны, засмечаны, запушчаны. Цьмяны дрыготны агонь асвятліў раскошную хату — амаль пустую і страшэнна брудную. Зарэцкі.
2. Такі, дзе асноўны колер выступае невыразна, няярка. Сонца заходзіла за брудную, празрыстую павалоку. Лобан.
3. Прызначаны для адкідаў. Бруднае вядро. // Які мае дачыненне да чаго‑н. нячыстага, маркага. Брудная работа.
4. перан. Грубы, непрыстойны, агідны. Брудная лаянка. Брудныя думкі. Брудныя плёткі, намеры.
5. перан. Які выклікае маральную агіду. Брудная справа. Брудная роля. Брудная душа. □ [Ціхан] прызнаўся Мальвіне, што даўно хацеў уцячы з-пад начальства Мачуліна, бо той — чалавек нікчэмны і брудны. Дуброўскі.
бру́дэр, ‑а, м.
Апарат для абагравання выведзеных у інкубатары птушанят свойскіх птушак (куранят, качанят і пад.).
[Англ. brooder.]
брудэрша́фт, ‑а, М ‑фце, м.
У выразе: піць брудэршафт або піць на брудэршафт з кім — замацоўваць сяброўства па застольнаму звычаю, паводле якога двое ўдзельнікаў адначасова п’юць свае чаркі, цалуюцца і гэтым устанаўліваюць узаемную дружбу і права звяртацца адзін да другога на «ты».
[Ням. Brüderschaft — братэрства.]
бружме́левы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да бружмелю. Бружмелевы куст.
2. у знач. наз. бружме́левыя, ‑ых. Сямейства дрэвавых і кустовых раслін, да якога адносяцца каліна, бузіна, бружмель і іншыя.
бружме́ль, ‑ю, м.
Кустовая расліна сямейства бружмелевых з папарна размешчанымі лісцямі і рознакаляровымі духмянымі кветкамі.
бруі́сты, ‑ая, ‑ае.
Які бруіцца; струменісты. Эх вы, песні, мае песні, З ніў, з дуброў цяністых, Ад сярпа, касы, сякеры, Ад крыніц бруістых! Танк.
бруі́цца, бруіцца; незак.
Цячы, пераліваючыся (пра ручай, крыніцу і пад.). Там фантан, як вадаспад, Не сціхаючы бруіцца. А. Александровіч. // перан. Разыходзіцца струменямі, хвалямі (пра паветра, святло, пах і пад.). І Лагода адчуў, што цяпло, якое бруілася з.. [Дашыных] вачэй, адразу пранікла ў самае яго сэрца, моцна завалодала ім. Васілевіч. Каласістыя мірныя палі, якія бруіліся пад ветрам, уціхамірвалі душу. Шарахоўскі.
бруі́ць, бруіць; незак.
Тое, што і бруіцца. Ціха рэчанька бруіла, штось шаптаў чарот вадзе. Машара. Гімнам кроў бруіць у жылах. Танк.