даста́так, ‑тку, м.
1. Заможнасць, матэрыяльная забяспечанасць. Жыць у дастатку. □ Усё гаварыла тут аб дастатку гаспадара: і мяккая гарадская мэбля, і дываны, і нават гравюры. Сяргейчык.
2. часцей мн. (даста́ткі, ‑аў). Матэрыяльныя сродкі, прыбыткі. Няхай дастаткаў вам прыбудзе, Хай родзяць нівы, сенажаць! Колас.
дастатко́ва, прысл.
1. У патрэбнай меры, досыць. Дастаткова вялікі аб’ём ведаў.
2. у знач. вык. Даволі, хопіць. Вады ў нас дастаткова. // У спалучэнні з інф. дзеясловаў «сказаць», «напомніць» і пад. абазначае: варта толькі. Ганне здавалася, што дастаткова зайсці ў лес, каб без асаблівай цяжкасці знайсці партызан. Шамякін.
дастатко́васць, ‑і, ж.
Уласцівасць дастатковага. Дастатковасць довадаў.
дастатко́вы, ‑ая, ‑ае.
Якога хапае для чаго‑н., здольны задаволіць якія‑н. патрэбы. Апроч насеннага фонду, калгас меў у дастатковай меры хлеба ў зерні для свайго спажывання і для корму жывёлы. Колас. На абход балота, калі немцы паспрабуюць гэта зрабіць, ім спатрэбіцца не менш гадзіны — час, дастатковы для таго, каб атрад дайшоў да лесу. Шамякін. // У патрэбнай меры абгрунтаваны, важкі. Дастатковыя падставы.
даста́ўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дастаўляць — даставіць.
даста́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад даставіць.
дастаўля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да дастаўляць.
дастаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да даставіць.
даста́ўшчык, ‑а, м.
Работнік, які займаецца дастаўкай чаго‑н.