даста́ць, ‑стану, ‑станеш, ‑стане; зак.
1. што. Узяць што‑н. такое, што знаходзіцца на некаторай адлегласці. Калі Ігнась дастаў з палічкі жоўценькі сшытак, Люба запыталася: — Мабыць, малюнкі? Мурашка.
2. да чаго, чаго. Дацягнуцца, дакрануцца да чаго‑н. аддаленага. Дастаць рукой да бэлькі. □ Цені ад яблынь дасталі да хаты і павольна папаўзлі па сцяне ўверх. Шамякін. Стаіць дуб, аднагодак мой, І мне ўжо не дастаць рукой Пад воблакам яго вяршыні. Танк.
3. што. Выняць, выцягнуць што‑н. адкуль‑н., з чаго‑н.; здабыць. Дастаць сшытак з партфеля. □ Рыгор дастаў з кішэні капейку і падаў яе хлапчуку. Гартны. Слава першым буравым майстрам, якія дасталі з цёмных глыбінь першыя грамы калійнай солі! Паслядовіч.
4. што і чаго. Раздабыць, набыць, расстарацца. Дастаць важныя звесткі. □ Саша кожны дзень прасіла брата схадзіць да чырвонаармейцаў і дастаць газету. Шамякін. // Разм. Атрымаць, нажыць. Дастаць хваробы.
•••
Дастаць (выкапаць) з-пад зямлі — абавязкова раздабыць, адшукаць што‑н., дзе б яно ні было.
Зімой лёду (снегу) не дастаць у каго — пра дужа скупога чалавека.
Крукам (шастом) галавы (носа) не дастаць каму — пра вельмі ганарыстага чалавека.
Рукой дастаць — вельмі блізка.
даста́ча, ‑ы, ж.
Заможнасць, матэрыяльная забяспечанасць; дастатак. Жыць у дастачы.
дастая́цца, ‑стаюся, ‑стаішся, ‑стаіцца; зак.
Разм.
1. Стоячы ў чаканні чаго‑н., дасягнуць мэты. Дастаяцца ў касу.
2. Доўгім стаяннем прынесці сабе шкоду. Дастаяўся, што ногі змерзлі.
дастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак., што і да чаго.
Прастаяць да канца чаго‑н., да якога‑н. часу. Дастаяць вахту. □ [Вэня Шпулькевіч] увайшоў у прытвор і праводзіў вачамі кожнага, хто ўваходзіў сюды. Так ён стаяў, пакуль не пачалася адправа. Не дастану і да сярэдзіны яе, пайшоў. Чорны.
дасто́йвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да дастаяцца.
дасто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дастаяць.
дасто́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Які заслугоўвае чаго‑н., варты чаго‑н. Дастойны павагі. □ Сляпнёў і Каманін і Молакаў хмуры! Дастойны вы песень вялікіх паэтаў. Колас. Быць дастойным Справы камуністаў — Піянерскі І закон і звычай. Шушкевіч.
2. Які адпавядае ўсім запатрабаванням, зусім падыходзіць. Дастойная змена. □ Дзед Хрушч быў дастойны патомак свайго невядомага продка і хібы не даваў. Колас. / у знач. наз. дасто́йны, ‑ага, м.; дасто́йная, ‑ай, ж. Дэпутат... Народ вылучае на гэтую пасаду дзяржаўнага дзеяча толькі самых дастойных. «Маладосць».
3. Заслужаны, справядлівы. Дастойная кара. Дастойная ўзнагарода. Дастойная сустрэча.
4. Паважаны, заслужаны. Тапурыя быў мёртвы, ён ляжаў з прабітай галавой, гэты дастойны і смелы чалавек, роўных якому мала бывае на свеце. Самуйлёнак.
дастрачы́ць, ‑страчу, ‑строчыш, ‑строчыць; зак., што.
Скончыць страчыць (шыць); прастрачыць да якога‑н. месца. Дастрачыць каўнер.
дастро́чаны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад дастрачыць.
дастро́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дастрачыць.