дармавы́, ‑ая, ‑ое і дармо́вы, ‑ая, ‑ае.
Атрыманы дарма, за нішто; бясплатны. Усе з цікавасцю чакаюць дармавога спектакля, які кожны дзень разыгрываецца Гараськам. Навуменка. [Рабочаму чалавеку] работу давай, каб ён ведаў, што не дармовыя грошы атрымлівае. Шыцік. Дармавому каню ў зубы не глядзяць. Прымаўка. // Які выконваецца дарма, бясплатна. Дармавая праца.
дармае́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Разм. Той, хто не працуе, а жыве на чужыя сродкі. [Статкевіч] нічога карыснага не рабіў, дармаедам сядзеў на шыі ў маці. Алешка. [Пятро] сеў за стол не з радасным пачуццём жаданага госця, а з прыкрым балючым пачуццём — госця няпрошанага, дармаеда, які есць чужы хлеб. Шамякін.
дармае́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.
Разм. Жан. да дармаед.
дармае́днічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм. Не працуючы, жыць на чужыя сродкі.
дармае́дства, ‑а, н.
Разм. Пражыванне на чужыя сродкі; гультайства. [Пракоп] востра адчуў сваю адзіноту, сваю адарванасць ад людзей, сваё бадзянне ў дарогах, сваё дармаедства. Колас.
дармаўшчы́на, ‑ы, ж.
Разм. Дармавое, бясплатнае карыстанне чым‑н. — Аказваецца, і стары не дурны ў губу ўзяць, але ўсё ўхітраецца на дармаўшчыну. Гурскі.
дармо́, прысл.
Тое, што і дарма (у 1, 3 і 4 знач.).
•••
Дармо што — тое, што і дарма што (гл. дарма).
даро́бка, ‑і, ДМ ‑бцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дарабляць — дарабіць; канчатковая апрацоўка чаго‑н. Даробка дэталей.
даро́блены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад дарабіць.