дарашава́ты, ‑ая, ‑ае.
Шараваты (пра масць каня). Невялікі дарашаваты конік стараўся з усіх сіл і імчаў наўгалоп. Карпаў.
дарва́цца 1, ‑рвецца; зак.
Разм. Канчаткова парвацца, знасіцца (пра адзенне, абутак і пад.).
дарва́цца 2, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
Разм. Атрымаць доступ, дабрацца да чаго‑н. вельмі жаданага, патрэбнага. Пачынкаўцы добра ведалі Сцёпкаву прагу да кніг і, сустракаючы яго з такой ношкай, жартавалі: — Дарваўся ты, Сцёпка, да свайго! Пальчэўскі. Мы ўправіліся з машынай і, змораныя, павалакліся на кухню. Там дарваліся да вады і пілі, пілі і не маглі здаволіцца. С. Александровіч.
дарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.
1. Скончыць ірваць; сарваць, абарваць усё, да канца. Дарваць апошнія кветкі.
2. Разм. Канчаткова парваць, знасіць (пра адзенне, абутак і пад.). Дарваць чаравікі. □ Неўзабаве, яшчэ да прымаразкаў, бялізна сама падзерлася так, што Алесю прыйшлося аднойчы ў нядзелю проста дарваць яе на кавалкі. Брыль.
дарвіні́зм, ‑у, м.
Вучэнне аб гістарычным развіцці жывой прыроды, аб паходжанні відаў жывёл і раслінных арганізмаў шляхам натуральнага адбору.
•••
Сацыяльны дарвінізм — рэакцыйная плынь у буржуазнай сацыялогіі, якая пераносіць прынцып барацьбы за існаванне на вобласць грамадскіх з’яў і адносін.
[Ад імя заснавальніка Чарлза Дарвіна.]
дарвіні́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Паслядоўнік дарвінізму.
дарвіні́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да дарвініст.
даргі́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да даргінца, даргінцаў, належыць ім. Даргінскія звычаі. Даргінская мова.
даргі́нцы, ‑аў; адз. даргінец, ‑нца, м.; даргінка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. даргінкі, ‑нак; ж.
Народ, які жыве ў Дагестанскай АССР.