Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

дарагі́, ‑ая, ‑ое; дораг, ‑а.

1. Які каштуе многа грошай, высока цэніцца; проціл. дзяшовы. На вопратцы блішчэлі дыяментныя і з іншых дарагіх камянёў гузікі такой каштоўнасці, што за іх можна было б купіць маёнтак. Бядуля. Раіса хадзіла ў дарагіх сукенках, якіх не мелі нават настаўніцы. Шамякін.

2. перан. Якім даражаць, якога шануюць. Самым дарагім цяпер для Андрэя быў свабодны вечар, калі б можна было застацца адзін на адзін са сваімі думкамі. Шахавец. Дарагая тая хатка, дзе радзіла мяне матка. Прыказка.

3. Любімы, мілы, блізкі сэрцу. Прыйдзе, прыйдзе той, хто сэрцу мілы, Прыйдзе той, хто сэрцу дарагі. Русак. Жджэ кабета: хоча бачыць сына дарагога. Колас. / У зваротку. Вачамі паўзлі да калючага дроту, Якім нас хацелі навек раздзяліць, Мы рвалі яго, звалі вас на падмогу, — І вы, дарагія, пачулі, прыйшлі. Танк. // Жаданы, прыемны. Дарагі госць.

•••

З дарагой душой гл. душа.

дараго́ўля, ‑і, ж.

Высокі ўзровень цэн; дарагавізна. Нястача, дарагоўля, голад — усё гэта спрыяла падняццю рабочых на змаганне. Гурскі.

дара́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Абл. Парада. Якуб часамі даваў такія гаспадарскія дарады, што дзядзька толькі здзіўляўся. Колас.

дара́дзіць, ‑раджу, ‑радзіш, ‑радзіць; зак.

Разм. Даць параду; параіць. Прыйшлося, як дарадзіў Стась, шукаць па аптэках такія кіслоты, што вытраўлялі сляды чарніла. Колас.

дара́дца, ‑ы, м.

Разм. Тое, што і дарадчык.

дара́дчы, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з правам толькі выказваць сваё меркаванне аб справе, але не выносіць рашэння аб ёй. Дарадчы голас. Дарадчы орган.

дара́дчык, ‑а, м.

Той, хто дае парады. [Аржанец] працуе так, як ваяваў, гэты настаўнік для дзяцей, друг і дарадчык для калгаснікаў. Брыль.

дара́дчыца, ‑ы, ж.

Жан. да дарадчык.

даражы́цца, ‑ражуся, ‑ражышся, ‑ражыцца; незак.

Абл. Запрашваць надта дорага пры продажы чаго‑н. або наймаючыся на работу. Таргаваліся, таргаваліся, ды ніяк не могуць у цане сысціся: пан, бач, скупы быў і надта даражыўся. Якімовіч. Іван ніколі вельмі не даражыцца, ніколі нікому не адмаўляе. Ідзе, дзе ёсць патрэба ў яго цэпе, і памагае людзям. Васілевіч.

даражы́ць, ‑ражу, ‑ражыш, ‑ражыць; незак., кім-чым.

Надаваць вялікае значэнне, высока цаніць каго‑, што‑н. Даражыць давер’ем. Даражыць мінулым. □ І яшчэ больш радавалася [Вольга Усцінаўна] таму, хто не мінаў дома, заязджаў, заходзіў па-ранейшаму. Даражыла дружбай з такімі людзьмі. Шамякін. // Ашчадна, беражліва адносіцца да чаго‑н. Даражыць кожнай капейкай. □ З гэтага бою нас выйшла няшмат, І кожны сяброўствам сваім даражыў. Глебка.