дапяка́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. дапякаць — дапячы.
дапяка́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да дапячыся.
2. Зал. да дапякаць.
дапяка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да дапячы.
дап’яна́, прысл.
Разм. Да поўнага ап’янення. Напіцца дап’яна.
дапятро́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Які адносіцца да часу, што папярэднічаў цараванню Пятра I. Дапятроўскі перыяд.
дапя́ць, ‑пну, ‑пнеш, ‑пне; ‑пнём, ‑пняце; зак.
Разм.
1. Дайсці, дабрацца куды‑н. І куды толькі .. [Пятро] не кідаўся, куды не ездзіў шукаць якой рады ад страшэннай хваробы: дапяў да Кіева, аж некуды на цёплыя воды. Сабаленка. Не магла [Вера] дачакацца, пакуль вернецца Пятро з работы, спытала ў людзей, дзе носяць, і дапяла на сенажаць. Пальчэўскі.
2. Дамагчыся, дасягнуць чаго‑н. [Марыля:] Не такой падатлівай натуры.. [Сымон] у мяне ўдаўся. Хоць галавой наложыць, а свайго мусіць дапяць. Купала.
3. Зразумець што‑н., разабрацца ў чым‑н. Кляпнёў зразумеў, што яго далікатна просяць вымесціся з кабінета, толькі не адразу дапяў — завошта? Шамякін.
дапячы́, ‑пяку, ‑пячэш, ‑пячэ; ‑пячом, ‑печаце, ‑пякуць; пр. дапёк, ‑пякла, ‑ло; заг. дапячы; зак.
1. што. Скончыць пячы; пекучы, давесці да поўнай гатоўнасці. Дапячы хлеб.
2. чаго. Спячы дадаткова. Дапячы бліноў.
3. перан.; каму і без дап. Нашкодзіўшы, надакучыўшы чым‑н., вывесці з раўнавагі; даняць. Ляшчэню так і парывала дапячы чым-небудзь Вабейку — няхай хоць бы перад сваімі прыяцелямі не крывіў душой, не хітраваў. Хадкевіч. / у безас. ужыв. Столькі дакораў і ўшчуванняў, столькі непрыемнасцей! Усім дапякло, надакучыла. М. Ткачоў.
дапячы́ся, ‑чэцца; пр. дапёкся, ‑пяклася, ‑лося; зак.
Спячыся да поўнай гатоўнасці. Яечня дапяклася.
дар, ‑у; мн. дары; м.
1. Тое, што даецца ва ўласнасць дарма; падарунак. А гэта скрыня — дар ад мужа, Як быў яшчэ ён жаніхом. Колас. // часцей мн. (дары́, ‑оў). Ахвяраванні. Не памыліўся поп, — прыход У храм быў паўнаводны; На багамолле плыў народ, Вязлі дары падводы. Жычка.
2. Плён працы, якой‑н. дзейнасці; тое, што дае прырода. Дары лесу. □ Кажуць, ураджай — дар зямлі. На самай справе, гэта дар людской працы. Гроднеў. Што ні кажы, а жыццё, ужо само па сабе, ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас.
3. Здольнасць, талент. Дар музыканта. Паэтычны дар. □ Гэта быў мужчына гадоў за трыццаць, адукаваны, вопытны арганізатар з прыродным дарам красамоўства. Машара.
•••
Божы дар (уст.) — усё, што даецца ад прыроды.
Дар данайцаў — каварная паслуга з мэтай прычыніць зло, загубіць.
Дар за дар — паслуга за паслугу. — Вось што, браце Даніла, — сказаў.. [Мікола], — Дар за дар, а дарма нічога. Я цябе выручыў, і ты мяне выруч. Брыль.
Дар слова — а) здольнасць гаварыць; б) здольнасць гаварыць свабодна, прыгожа, вобразна.
дарабі́ць, ‑раблю, ‑робіш, ‑робіць; зак., што.
Зрабіць да канца, завяршыць работу над чым‑н. Дарабіць стол. □ Усё навокал патанала ў мяккіх, шызых прыцемках, але Макаравы вочы бачылі і праз гэту смугу: калодзеж з вечкам, дзве маладыя бярозкі пад акном, пахілыя веснічкі, якія ён не дарабіў, сенцы без дзвярэй. Асіпенка. // Зрабіць дадаткова, прырабіць. Дарабіць сенцы да хаты. Дарабіць ручку да дзвярэй. Дарабіць ключ. // Дапрацаваць, выправіць, што‑н. дадаўшы. Дарабіць праект.