Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзя́куючы,

1. Дзеепрысл. незак. ад дзякаваць.

2. прыназ. з Д. З прычыны, з-за, з дапамогай. Дзякуючы святу .. ён да звычайнай порцыі сну дабавіў яшчэ гадзін пяць-шэсць. Крапіва. Дзякуючы камсамольцам удалося дастаць супрацьтанкавую гарматку. Брыль. Сухаваты твар [Андрэя Міхайлавіча] меў энергічны выгляд дзякуючы дзвюм рэзкім маршчынам, што ляглі ад носа да кутоў падціснутых вуснаў. Самуйлёнак.

дзяле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. дзяліць (у 1 знач.) і дзяліцца (у 1 знач.). // Спец. Працэс бясполага размнажэння клетак у жывёл і раслін. Дзяленне клеткі.

2. Матэматычнае дзеянне, шляхам якога пазнаецца, у колькі разоў адна велічыня большая за другую. Дзяленне дробаў.

3. Адлегласць паміж рыскамі на вымяральнай шкале, а таксама самі гэтыя рыскі. [Іван Кузьміч] перавёў рычаг убок на адно дзяленне — зменшыў падачу паветра. М. Ткачоў. Чорная стрэлка ўпарта трымалася на трэцім дзяленні. Савіцкі.

дзялі́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да дзялення (у 2 знач.).

2. Спец. Прызначаны для нанясення дзяленняў (у 3 знач). Дзялільны цыркуль. Дзялільная машына.

дзялі́мае, ‑ага, н.

Лік, які дзеляць; дзеліва.

дзялі́масць, ‑і, ж.

1. Здольнасць дзяліцца, распадацца на часткі. Дзялімасць клеткі.

2. Уласцівасць цэлага ліку дзяліцца на другі лік без астачы. Адзнакі дзялімасці.

дзялі́цца, дзялюся, дзелішся, дзеліцца; незак.

1. Распадацца на часткі, на групы; раздзяляцца. Горад дзеліцца на пяць раёнаў. □ Усе хлапчукі пароўну дзяліліся і, разышоўшыся ў розныя бакі, пачыналі збіраць на полі каменне і шпурляць .. у свайго «праціўніка». Лобан. Пры выбарах у сельсавет сяляне дзяліліся на два лагеры. Бядуля. // Рабіць падзел гаспадаркі, маёмасці з кім‑н. — Мы як дзяліліся, дык хоць каб хто слова з нас адзін на аднаго дрэннае сказаў. Мы па-брацку разышліся. Чорны. Дзяліліся сыны з бацькамі, браты з братамі; так стала больш за дзве сотні двароў. Каваль.

2. чым з кім. Аддаваць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; узаемна аддаваць адзін другому частку чаго‑н. свайго. Многія з гэтых людзей садзіліся побач і дзяліліся з .. [Норам і маці] апошнім кавалкам хлеба. Шамякін. Я не мог не наведаць і верных сяброў, Хто дзяліўся са мной І абоймай патронаў у часе баёў, І апошняй скарынкай, а ў часе піроў Звонкай песняй сваёй. Танк. // перан. Перадаваць, паведамляць каму‑н. што‑н.; узаемна абменьвацца чым‑н. Дзяліцца вопытам. Дзяліцца ведамі. □ Аб усім мог расказаць муж, але ён, як скупы ці няўважлівы чалавек, не хацеў дзяліцца з жонкай заводскімі навінамі. Шахавец. // Давяраць, раскрываць (думкі, пачуцці). Прыяцелі шапталіся, дзяліліся нейкімі сваімі сакрэтамі. Лынькоў.

3. Мець здольнасць да дзялення на які‑н. лік без астачы. Дзесяць дзеліцца на пяць.

4. Зал. да дзяліць (у 1 знач.).

дзялі́ць, дзялю, дзеліш, дзеліць; незак., каго-што.

1. Раз’ядноўваць на часткі, размяркоўваць па частках. Дзяліць каравай. Дзяліць маёмасць. □ Зямлю вырашылі на сходзе дзяліць ранняй вясной. Пальчэўскі. Калі хлеба па картках сям’і неставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць, — так умелі апошні кавалак дзяліць, каб усіх надзяліць, а сябе — абдзяліць. А. Вольскі. // Размяжоўваць, аддзяляць. Дзяліць сыноў. □ Шчыльная агаро[дж]а .. дзеліць двор на дзве часткі. Чорны. Цяпер ехалі палявой дарогай, якая дзяліла два палеткі. Чарнышэвіч.

2. з кім. Даваць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; сумесна карыстацца чым‑н. Са мною дзеліць Сойц сухар апошні. Зарыцкі. — Што я зрабіў табе? Душа ў душу жылі. Хлеб-соль дзялілі... Шамякін. // перан. Сумесна перажываць, зведваць (якое‑н. пачуццё і пад.). Шэсць год .. жывуць [Сяргей з Марыляй] разам, душа ў душу, дзеляць паміж сабою гора і радасць папалам. Нікановіч. Я сам адчуваў, што цяпер не ўсе свае думы дзяліў з табою. Скрыган.

3. Рабіць дзяленне (у 2 знач.). Шэсць дзяліць на тры.

•••

Дзяліць шкуру незабітага мядзведзя — размяркоўваць прыбытак у справе, якая яшчэ не зроблена.

дзялі́цьба, ‑ы, ж.

Тое, што і дзяльба.

дзяло́к, ‑лка, м.

Чалавек, які лоўка вядзе свае справы (пераважна камерцыйныя), не грэбуючы ніякімі сродкамі для дасягнення мэты. Біржавы дзялок. □ — Вабейка — дзялок, ён умее выкручвацца, праўдамі і няпраўдамі прыбраць да рук, што дрэнна ляжыць. Хадкевіч. [Грэйнім] еў свой хлеб, меў уласны прыбытак, меў справы са слуцкімі купцамі, ён лічыўся не абы-якім дзялком... Чарнышэвіч.

дзяльба́, ‑ы, ж.

Падзел, размеркаванне. Дзяльба здабычы. □ Пры дзяльбе зямлі Крушынскі стараўся ўраўняць усіх. Бядуля. У аповесці апавядалася аб класавай барацьбе ў вёсцы, аб яе праявах, у прыватнасці, пры штогодняй дзяльбе сялянамі ў час сенакосу былых памешчыцкіх лугоў. Хадкевіч.