дзяліць, дзялю, дзеліш, дзеліць; незак., каго-што.

1. Раз’ядноўваць на часткі, размяркоўваць па частках. Дзяліць каравай. Дзяліць маёмасць. ▪ Зямлю вырашылі на сходзе дзяліць ранняй вясной. Пальчэўскі. Калі хлеба па картках сям’і неставала, рукі матчыны зналі, што трэба рабіць, — так умелі апошні кавалак дзяліць, каб усіх надзяліць, а сябе — абдзяліць. А. Вольскі. // Размяжоўваць, аддзяляць. Дзяліць сыноў. ▪ Шчыльная агаро[дж]а .. дзеліць двор на дзве часткі. Чорны. Цяпер ехалі палявой дарогай, якая дзяліла два палеткі. Чарнышэвіч.

2. з кім. Даваць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; сумесна карыстацца чым‑н. Са мною дзеліць Сойц сухар апошні. Зарыцкі. — Што я зрабіў табе? Душа ў душу жылі. Хлеб-соль дзялілі... Шамякін. // перан. Сумесна перажываць, зведваць (якое‑н. пачуццё і пад.). Шэсць год .. жывуць [Сяргей з Марыляй] разам, душа ў душу, дзеляць паміж сабою гора і радасць папалам. Нікановіч. Я сам адчуваў, што цяпер не ўсе свае думы дзяліў з табою. Скрыган.

3. Рабіць дзяленне (у 2 знач.). Шэсць дзяліць на тры.

•••

Дзяліць шкуру незабітага мядзведзя — размяркоўваць прыбытак у справе, якая яшчэ не зроблена.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)