дзяліцца, дзялюся, дзелішся, дзеліцца; незак.
1. Распадацца на часткі, на групы; раздзяляцца. Горад дзеліцца на пяць раёнаў. ▪ Усе хлапчукі пароўну дзяліліся і, разышоўшыся ў розныя бакі, пачыналі збіраць на полі каменне і шпурляць .. у свайго «праціўніка». Лобан. Пры выбарах у сельсавет сяляне дзяліліся на два лагеры. Бядуля. // Рабіць падзел гаспадаркі, маёмасці з кім‑н. — Мы як дзяліліся, дык хоць каб хто слова з нас адзін на аднаго дрэннае сказаў. Мы па-брацку разышліся. Чорны. Дзяліліся сыны з бацькамі, браты з братамі; так стала больш за дзве сотні двароў. Каваль.
2. чым з кім. Аддаваць каму‑н. частку чаго‑н. свайго; узаемна аддаваць адзін другому частку чаго‑н. свайго. Многія з гэтых людзей садзіліся побач і дзяліліся з .. [Норам і маці] апошнім кавалкам хлеба. Шамякін. Я не мог не наведаць і верных сяброў, Хто дзяліўся са мной І абоймай патронаў у часе баёў, І апошняй скарынкай, а ў часе піроў Звонкай песняй сваёй. Танк. // перан. Перадаваць, паведамляць каму‑н. што‑н.; узаемна абменьвацца чым‑н. Дзяліцца вопытам. Дзяліцца ведамі. ▪ Аб усім мог расказаць муж, але ён, як скупы ці няўважлівы чалавек, не хацеў дзяліцца з жонкай заводскімі навінамі. Шахавец. // Давяраць, раскрываць (думкі, пачуцці). Прыяцелі шапталіся, дзяліліся нейкімі сваімі сакрэтамі. Лынькоў.
3. Мець здольнасць да дзялення на які‑н. лік без астачы. Дзесяць дзеліцца на пяць.
4. Зал. да дзяліць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)