Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

карму́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Прыстасаванне (у выглядзе карыта, скрынкі і пад.), у якое закладваюць корм для жывёлы, птушак. Птушыная кармушка. □ У кармушках зелянела атава. Броўка.

2. Разм. пагард. Пра месца, дзе можна пажывіцца, набыць што‑н. для сябе незаконным спосабам.

карнава́л, ‑а, м.

1. Народнае гулянне-маскарад з танцамі, выступленнямі самадзейнасці, гульнямі, звычайна пад адкрытым небам. Навагодні карнавал.

2. Вясенняе народнае свята ў Італіі, якое суправаджаецца вулічнымі шэсцямі, маскарадам (адпавядае масленіцы).

[Іт. carnevale.]

карнава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карнавала. Карнавальнае шэсце. Карнавальны вечар.

карнаву́хі, ‑ая, ‑ае.

З абрэзаным або пакалечаным вухам. Карнавухі конь. □ А быў ён, Шарык, не з ціхіх.. Брахаў .. нават на жоўтага, карнавухага ката Базыля, абы той трапіў яму па вока. Брыль.

карне́т 1, ‑а, М ‑неце, м.

Першы афіцэрскі чын у кавалерыі і пагранічным войску дарэвалюцыйнай рускай арміі, роўны падпаручніку пяхоты. // Асоба, якая мела гэты чын.

[Ад фр. cornette — сцяг.]

карне́т 2, ‑а, М ‑неце, м.

Духавы медны музычны інструмент у выглядзе ражка.

[Ад лап. cornet — ражок.]

карнеты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Музыкант, які іграе на карнеце ​2.

карне́т-а-пісто́н, ‑а, м.

Карнет ​2 з поршневы вентыльным механізмам.

[Фр. cornet à piston.]

карні́з, ‑а, м.

1. Гарызантальны выступ, які завяршае сцяну будынка, абрамляе вокны, дзверы. Цяпер агледзець можна печ, як ляльку, Усе карнізы, нішы, под і звод, І той пяколак, дзе шукаць запалку, Калі куранты данясуць свой звон. Пысін. На чарапічных дахах збіраліся гурбачкі снегу. Ён лажыўся і на карнізы акон. Арабей. // У архітэктуры — верхняя частка антаблемента, якая ляжыць на фрызе.

2. Уступ, які цягнецца вузкай палоскай уздоўж абрывістага схілу гор, часта на значнай вышыні. На карнізе ў расколіне.. ўчапілася карэньчыкамі тоненькая, гнуткая бярозка. Хомчанка.

3. Папярочка над акном, дзвярамі, на якую вешаюць парцьеры, шторы. Паставіўшы на табурэт[ку] дзіцячае крэсла, Даша стаяла на ім перад акном, босая, у халаце, .. і прымацоўвала карніз. Шамякін.

[Ад грэч. korōnis — завяршэнне.]

карні́зны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да карніза. Карнізныя пліты. Карнізны выступ.

ка́рнік, ‑а, м.

Член карнага атрада, карнай экспедыцыі. Азвярэлыя карнікі палілі навакольныя вёскі, расстрэльвалі жанчын, дзяцей. Шамякін.