карні́з, ‑а, м.

1. Гарызантальны выступ, які завяршае сцяну будынка, абрамляе вокны, дзверы. Цяпер агледзець можна печ, як ляльку, Усе карнізы, нішы, под і звод, І той пяколак, дзе шукаць запалку, Калі куранты данясуць свой звон. Пысін. На чарапічных дахах збіраліся гурбачкі снегу. Ён лажыўся і на карнізы акон. Арабей. // У архітэктуры — верхняя частка антаблемента, якая ляжыць на фрызе.

2. Уступ, які цягнецца вузкай палоскай уздоўж абрывістага схілу гор, часта на значнай вышыні. На карнізе ў расколіне.. ўчапілася карэньчыкамі тоненькая, гнуткая бярозка. Хомчанка.

3. Папярочка над акном, дзвярамі, на якую вешаюць парцьеры, шторы. Паставіўшы на табурэт[ку] дзіцячае крэсла, Даша стаяла на ім перад акном, босая, у халаце, .. і прымацоўвала карніз. Шамякін.

[Ад грэч. korōnis — завяршэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)