Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

электро́нна-выліча́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да электронных сродкаў, прызначаных для вылічальных аперацый, пераўтварэння інфармацыі, для кіравання механізмамі, агрэгатамі і пад. Электронна-вылічальная машына.

электро́нны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да электрона ​1; які складаецца з электронаў. Электронны прамень. Электронны паток. Электронная тэорыя.

2. Заснаваны на выкарыстанні ўласцівасцей электрона. Электронны мікраскоп.

•••

Электронная лямпа гл. лямпа.

электро́нны 2, ‑ая, ‑ае.

Зроблены з электрону ​2 (у 1 знач.), з электронам.

•••

Электронная бомба — запальная бомба, у якой тэрмітнай масай з’яўляецца электрон ​2.

электро́ншчык, ‑а, м.

Разм. Спецыяліст у галіне электронікі.

электрызава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад электрызаваць.

электрызава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) наэлектрызаваным.

2. толькі незак. Зал. да электрызаваць.

электрызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.

1. Падвергнуць (падвяргаць) электрызацыі.

2. перан. Узбуджаць, даводзіць да ўзбуджанага стану. Школьнікаў, якія адзін за другім прыбягаюць у школу, — паліцыя праганяе. Яны спалохана разбягаюцца, несучы на вёску сенсацыйную вестку, якая ў момант электрызуе старых і малых. Таўлай.

[Ад фр. électriser.]

электрыза́цыя, ‑і, ж.

1. Перадача якому‑н. целу электрычнага зараду. Электрызацыя трэннем.

2. Лячэнне электрычнасцю. Электрызацыя рукі.

3. Змена якасці, стану чаго‑н. электрычнасцю. Электрызацыя він.

эле́ктрык, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне электратэхнікі, электрапрамысловасці. Мантажнікі, электрыкі і машыніст устанаўлівалі турбіны, генератары. «Беларусь». // Электратэхнік, электраманцёр. Электрык рамантаваў праводку і пробкі.

электры́к, нескл. прым.

Блакітны ці сіні колер з шэрым адценнем. Сукенка колеру электрык.

[Фр. électrique.]

эле́ктрыка, ‑і, ДМ ‑рыцы, ж.

Разм. Электрычнасць; электрычнае асвятленне. Старыя паломаны праслы, Электрыка рвецца ў аконцы. Купала. Праваднік уключыў электрыку, і купэ акунулася ў бледна-зялёнае святло. Васілевіч. Давайце плаціну ўздымем, Электрыку пусцім у ход, Бо нам не асіліць аднымі Рыдлёўкамі багну балот. Калачынскі.

электрыфікава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад электрыфікаваць.

2. у знач. прым. Які дзейнічае пры дапамозе электрычнасці. Электрыфікаваная мадэль.