Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

увянча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., звычайна чым.

1. каго-што. Ушанаваць вянком, лаўрамі. Увянчаць чэмпіёна лаўровым вянком.

2. што. Закончыць, завяршыць верхнюю частку чаго‑н. Увянчаць будынак купалам. □ Антэну [Антось] увянчаў крыжавінай, наснаваў на ёй ромб дроту і ўзняў метраў на пятнаццаць над дахам. Ракітны. // перан. Паспяхова завяршыць што‑н. Выдатныя радкі! Яны дастойна ўвянчалі цыкл «Юнацкі свет», новымі фарбамі ўзбагацілі вобраз яга [А. Куляшова] героя. Бярозкін.

увярста́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад увярстаць.

увярста́цца, ‑аецца; зак.

Спец. Змясціцца ў радок або на старонку ў працэсе вярстання.

увярста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Спец.

1. Зрабіць устаўку ў вёрстку (у 2 знач.).

2. Змясціць у радок або на старонку пры вярстанні.

увярце́цца, увярчуся, уверцішся, уверціцца; зак.

Старанна ўхутацца, укруціцца ў што‑н. Лёг [Трахім] не на смех — коўдраю накрыўся .. Кажухом яшчэ ўвярцеўся паверсе. Калюга.

увярце́ць, увярчу, уверціш, уверціць; зак., каго-што.

Завярцець, ухутаць у што‑н., закрыўшы з усіх бакоў; угарнуць, укруціць. Увярцець рэчы ў паперу. Увярцець дзіця ў хустку. □ Малы не адрываючыся глядзіць па полымя. Яго сястрычка сіліцца ўвярцець босыя ногі, наступае імі на крыссе жакеткі. Лужанін.

увярэ́джаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад уверадзіць.

2. у знач. прым. Стомлены, змораны, натруджаны да болю. Увярэджаная спіна. // Пакалечаны. Увярэджаныя пальцы.

увярэ́днік, ‑у, м.

Адна- і шматгадовая травяністая паўпаразітная расліна сямейства залознікавых.

увясну́, прысл.

Разм. Тое, што і увесну. Гэта было ўвясну перад самай вайной. Чорны.