Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ідэалі́ст, ‑а, М ‑сне, м.

1. Паслядоўнік ідэалістычнай філасофіі. Гегель быў ідэаліст, г. зн. для яго мыслі нашай галавы былі не адлюстраваннямі, больш-менш абстрактнымі, сапраўдных рэчаў і працэсаў, а, наадварот, рэчы і развіццё іх былі для Гегеля толькі ўвасобленымі адлюстраваннямі нейкай «ідэі», якая існавала недзе яшчэ да ўзнікнення свету. Энгельс.

2. Разм. Чалавек, схільны ідэалізаваць, прыхарошваць рэчаіснасць.

ідэалі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да ідэаліст (у 2 знач.).

ідэалісты́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ідэалістычнага (у 1 знач.). Ідэалістычнасць поглядаў.

ідэалісты́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да ідэалізму (у 1 знач.), заснаваны на ім. Ідэалістычная філасофія. Ідэалістычная канцэпцыя. Ідэалістычны светапогляд.

2. Разм. Які мае адносіны да ідэаліста (у 2 знач.), уласцівы яму. Ідэалістычныя імкненні.

ідэало́гія, ‑і, ж.

Сістэма ідэй, уяўленняў, палітычных, філасофскіх, мастацкіх і інш. поглядаў, якія характарызуюць тое або іншае грамадства, клас; светапогляд. Марксісцка-ленінская ідэалогія. Пралетарская ідэалогія. Буржуазная ідэалогія.

[Ад грэч. idea — паняцце і logos — вучэнне.]

ідэа́льна, прысл.

1. Прысл. да ідэальны (у 2, 3 знач.).

2. (у спалучэнні з дзеясловам). Вельмі добра, дасканала. Праекты таксама выглядалі ідэальна і прыгожа. Карпаў. // (у спалучэнні з прыметнікам). У вышэйшай ступені, абсалютна, зусім. Вудзільна, якім карыстаюцца пры лоўлі з паплаўком, павінна быць моцным, пругкім і ідэальна прамым. Матрунёнак.

ідэа́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ідэальнага (у 2, 3 знач.).

ідэа́льны, ‑ая, ‑ае.

1. У філасофіі — які існуе толькі ў свядомасці, у ідэях, ва ўяўленні.

2. Які адпавядае ідэалу; узвышаны, незямны. [Праекты] былі залішне прыгожыя і ідэальныя і зусім не лічыліся з магчымасцямі часу і людзей. Карпаў.

3. Разм. Вельмі добры, дасканалы, узорны. Ідэальная машына. Ідэальная сям’я. Ідэальныя ўмовы. Ідэальная чысціня. □ — У яго вачах — вы ідэальны чалавек... Ён хваліць вас заўсёды. Гартны.

ідэ́йка, ‑і, ДМ ідэйцы; Р мн. ідэек; ж.

Разм. Памянш. і зніж. да ідэя (у 2, 3 знач.).

ідэ́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ідэйнага (у 3 знач.); прасякнутасць перадавымі ідэямі; ідэйная пераконанасць, упэўненасць. Рэвалюцыйная ідэйнасць купалаўскай эстэтыкі. Камуністычная ідэйнасць. Высокая ідэйнасць савецкага мастацтва.